Максім Кац: «Для Беларусі гэтая вайна стане проста сумным эпізодам гісторыі»
Расійскі блогер і палітолаг спрагназаваў пасляваенную будучыню Беларусі. І яна — значна больш аптымістычная, чым пасляваенная будучыня Расіі.
— У пачатку шостага месяца вайны ёсць сэнс пагаварыць пра Беларусь — пачынае сваё новае відэа Максім Кац і тлумачыць такі выбар — па-першае, таму што гэта зусім не чужая майму каналу краіна, мы пільна сочым за ёй ужо два гады і збіраемся далей.
Па-другое, таму што Беларусь цяпер знаходзіцца ў зусім унікальным становішчы.
Аляксандр Лукашэнка — гэта добры прыклад для падручніка. Прыклад таго, як аўтакраты сваімі ж рукамі робяць тое, чым звычайна палохаюць грамадзян.
Галоўнае слова для любога аўтакрата — суверэнітэт. Яны гэты суверэнітэт разумеюць, як здольнасць рабіць, што заўгодна на сваёй тэрыторыі, не прыслухоўваючыся ні да суседзяў, ні да сусветных нормаў, ні нават да здаровага сэнсу.
«Але, калі мяне скінуць, — кажа аўтакрат — то нас захопіць нейкая чужая дзяржава, нашы вуліцы будзе таптаць замежны салдат, па іх будуць ездзіць танкі і іншыя непрыемнасці будуць адбывацца».
— Як ні дзіўна гэта казаць, — працягвае Кац, — мы пагаворым пра добрыя навіны для Беларусі.
Палітык мяркуе, што паколькі краіна наўпрост не ўдзельнічае ў вайне Расіі і Украіны, у яе куды больш светлая пасляваенная будучыня:
— У Лукашэнкі няма ніякіх шанцаў утрымацца ва ўладзе без патранажу Уладзіміра Пуціна. Тут не патрэбныя ніякія складаныя паліталагічныя развагі пра раскол элітаў. З сыходам Пуціна па любых прычынах у Лукашэнкі не будзе грошай утрымліваць свой апарат гвалту.
У яго не будзе грошай падтрымліваць жыццё ў стратных савецкіх гігантах прамысловасці. Не будзе грошай затыкаць дзіркі ў эканоміцы сваёй краіны.
І акрамя таго, на думку Каца, без Уладзіміра Пуціна з парадку дня тут жа здымаецца пагроза расійскага ўварвання, а беларускі рэжым напаткае той жа лёс, што і рэжымы Усходняга блока, калі з парадку дня знялася ўварванне савецкае.
— Але нават не гэта галоўнае, — расстаўляе акцэнты Кац. — Галоўнае, што Беларусь не атрымае грамадства, якое перажыло вайну. Яна не атрымае цэлае саслоўе людзей, якія прайшлі праз пекла. Якія бачылі смерць і забівалі.
Яна не атрымае дзясяткі тысяч інвалідаў, як не атрымае і рэзкага ўзлёту злачыннасці. Яна не атрымае і страчанага пакалення, якое вярнулася б з несправядлівай і нікому непатрэбнай вайны і беспаспяхова спрабавала б вярнуцца ў грамадства.
Расія атрымае ўсе спадчына вялікай вайны. Пачынаючы ад бязногіх і бязрукіх людзей у ваеннай форме, тых, хто просіць міласціну на вуліцы, і заканчваючы крывавымі злачыннымі групоўкамі, складзенымі з людзей, чый навык трапна страляць бліжняму ў галаву не знайшоў свайго прымянення ў грамадзянскім жыцці.
Вось гэтых людзей, якія не проста вярнуліся з мясасечкі, але вярнуліся з яе ў краіну, якая іх не чакае і хоча іх збыцца — гэтых людзей у Беларусі не будзе. Ёй не прыйдзецца доўгімі гадамі зжываць гэтую жудасную спадчыну.
Кац прызнае, што яшчэ доўга пасля канца рэжыму Уладзіміра Пуціна Расія будзе выходзіць з ролі сусветнага злыдня. Але не Беларусь.
— У Беларусі няма перашкод для вяртання ў клуб цывілізаваных краін. Асобна, вельмі важна, што 2020 год не растварыўся ў паветры. Беларусь з яго вынесла як мінімум два буйныя дасягненні.
Першае — вельмі зразумелы і кансалідуючы ўсё грамадства еўрапейскі выбар. Краіна пажыла пры моцнай руцэ, і можа параўнаць свой узровень жыцця з заходнімі суседзямі, якія без моцнай рукі жылі.
Другое — у Беларусі ёсць легітымны лідар, які перамог на выбарах і прызнаецца большасцю заходніх краін. У Беларусі ёсць Святлана Ціханоўская, — адзначае Кац і нагадвае, што ў Расіі такога лідара няма.
Напрыканцы Кац называе галоўную пазітыўную навіну для Беларусі і галоўнае яе адрозненне ад Расіі:
— Для Беларусі гэтая вайна стане проста сумным эпізодам гісторыі, калі дыктатар, які прайграў выбары, ахвяраваў дзяржаўным суверэнітэтам у імя захавання сваёй улады. Калі па тэрыторыі Беларусі ішлі войскі ў атаку на дружалюбную краіну. Калі з яе тэрыторыі ўзляталі чужыя ракеты.
Але гэтая цёмная старонка гісторыі, якую лёгка перагарнуць і ісці далей. Выкарыстоўваць усе свае перавагі для хуткага эканамічнага росту, для інтэграцыі ў навакольны свет.
Палітык упэўнены, што Беларусі нічога не перашкаджае за 15 гадоў прайсці шлях балтыйскіх краін і дасягнуць літаральна за паўтара дзясятка гадоў паказчыкаў краіны высокіх даходаў — 20 тысяч долараў ВУП на душу насельніцтва — і пайсці далей.
— Вось ужо цяпер беларускаму грамадству і яе палітычнай сістэме не трэба лішні раз тлумачыць, да чаго прыводзіць дыктатура. Што гаворка не толькі пра нязменнага чалавека на чале дзяржавы, але і пра перспектывы вялікай бяды, — падсумоўвае Максім Кац.
Паводле Салідарнасці, пераклад НЧ