Піратэхнік пра «смяротны салют»: небяспечная зона павінна быць — кіламетр
Прафесійны піратэхнік кампаніі «Святлафор», якая займаецца салютамі і феерверк-шоу, расказаў «Еўрарадыё», што не так з арганізацыяй злашчаснага «смяротнага» салюту ў Мінску.
Асколак, які забіў жанчыну, праляцеў каля паўкіламетра. На думку эксперта-піратэхніка, калі ён на такой адлегласці не страціў сваю здольнасць да паражэння, значыць, была памылка ў разліку небяспечнай зоны:
"Я ўвогуле не ўяўляю, што там павінна быць, каб асколак праляцеў паўкіламетра. Разумееце, калі ён праляцеў такую адлегласць, то дыяметр небяспечнай зоны павінен быць кіламетр. Бачыў фатаграфіі машыны, што ад яе засталося, — і відавочна, што там не адзін шарык выбухнуў. Дэтанацыя была вельмі магутная".
Пры працы з феерверкамі ніхто не застрахаваны, кажа наш суразмоўнік. "І ў нас бываюць усякія недапрацоўкі, нешта не ўзлятае, выбухае на зямлі. Але для гэтага і робіцца радыус небяспечнай зоны. Ён пры сертыфікацыі даецца кожнаму класу вырабаў, у іх там [на салюце 3 ліпеня. — Еўрарадыё] — 4 і 5. Пры выкананні гэтага радыуса не павінна быць пацярпелых. Ён таму і называецца радыус небяспечнай зоны, за ім павінна быць бяспечна", — расказвае піратэхнік.
"Нават калі там усё выбухне адразу, то нічога не павінна вылецець за радыус, магутнасці выбухной хвалі не павінна хапіць, — падкрэслівае спецыяліст. — Значыць, небяспечная зона павінна быць большая".
Закупка без тэндараў, мадэрнізацыя марцір, "несумяшчальнасць" салютаў
Міністэрства абароны 11 гадоў купляла феерверкі для святочных салютаў без тэндараў. Гэтую інфармацыю пацвердзіў Office Life прэс-сакратар Міністэрства абароны Уладзімір Макараў. Растлумачыў ён гэта тым, што такія вырабы падпадаюць пад закупку з адной крыніцы (без тэндара). Прычына: "Пиро-Росс" ён назваў адзінай арганізацыяй, якая вырабляе феерверкі, прыдатныя да беларускіх армейскіх салютных установак.
"Наколькі я ведаю, марціры расійскія. Мы, піратэхнікі, не карыстаемся расійскімі марцірамі, — расказвае спецыяліст. — Мы карыстаемся пластыкавымі "марцірамі". Але мы і такіх памераў шары не выкарыстоўваем, як вайскоўцы. У нас максімальны калібр: 5-6 цаляў [каля 150 міліметраў]. А ў вайскоўцаў значна большы".
Ён мяркуе, што расіяне маглі наўмысна выпусціць нестандартныя марціры: "І яны гэта робяць для таго, каб закуплялі іх шары. Але дакладна гэта могуць сказаць толькі вытворца або нашы вайскоўцы. Устаноўкі, якія выкарыстоўваюць піратэхнікі, узаемазамяняльныя, там і кітайскія падыходзяць, і італьянскія. Яны ўсе маюць адзін калібр. А ў вайскоўцаў усё што заўгодна можа быць".
Расійская кампанія "Пиро-Росс" вырабіла і паставіла для Мінскай ваеннай камендатуры салютныя ўстаноўкі КСУ 2А85 яшчэ ў 2006 годзе. Тады ж яны ўпершыню і выкарыстоўваліся пры правядзенні святочнага салюту 3 ліпеня. У першапачатковых установак было тры калібры: 105, 195 і 310 мм — і 240 пускавых ствалоў.
У мінулым годзе напярэдадні Дня Незалежнасці Міністэрства абароны расказала пра мадэрнізацыю трох салютных установак КСУ 2А85М, якія стаялі ў парку Перамогі. На "ўзбраенне" яны прыйшлі ў 2015 годзе. У новых марцір быў павялічаны дыяпазон калібраў — 105, 125, 150, 195 і 310 мм, а таксама аказалася ў паўтара раза больш пускавых ствалоў — 429. Але галоўнае адрозненне ў тым, што раннія ўстаноўкі выконвалі толькі адну праграму, зададзеную яшчэ на заводзе, а новымі КСУ можна кіраваць па радыёсувязі праз камп'ютарызаваны пульт.
Невядома, што там намадэрнізавалі нашы вайскоўцы, і ці сапраўды ў гэтых устаноўках можна выкарыстоўваць толькі зарады вытворчасці "Пиро-Росс". Вядома, Міністэрства абароны будзе напіраць на тое, што яно ні пры чым. А ўся віна — на вытворцу.
На салюце 3 ліпеня выкарыстоўваліся не толькі феерверкі "Пиро-Росса"?
А вось прадстаўнік кампаніі "Пиро-Росс" у каментарыі выданню Office Life расказаў, што на відэа з Мінска відаць, што выкарыстоўваліся не толькі іх зарады:
"Калі звярнуць увагу направа, можна ўбачыць, што недзе ў раёне лодачнай станцыі ў небе раскрываюцца не нашы зарады. У нас такіх няма. Мабыць, беларускія піратэхнікі таксама свой феерверк ладзілі".
Следчы камітэт ужо заявіў, што затрыманыя два супрацоўнікі расійскай кампаніі, якія нібыта ў працэсе зараджання салютных установак дапусцілі парушэнне парадку работы з феерверачнымі вырабамі:
"А менавіта ажыццяўлялі механічнае ўздзеянне на зарады піратэхнікі пры зараджэнні марцір, якое не прадугледжана правіламі абыходжання з імі", — гаворыцца ў паведамленні.
Што цікава, у рэпартажы інфармацыйнага агенцтва "Мінск-Навіны" за 2 ліпеня 2019 года расказваецца пра тое, як вайскоўцы Мінскай камендатуры зараджаюць пускавыя ўстаноўкі. І ні пра якіх супрацоўнікаў расійскай фірмы там няма ні слова. На здымках відаць, што зараджаюць і падрыхтоўваюць снарады беларускія салдаты пад наглядам афіцэраў.
Дык як жа два супрацоўнікі фірмы-пастаўшчыка "ажыццявілі механічнае ўздзеянне" на зарады, калі вакол іх знаходзіліся беларускія вайскоўцы — салдаты і афіцэры? Куды яны глядзелі? І чаму сярод затрыманых не фігуруюць вайсковыя чыны?