Пераслед за салідарнасць: новая практыка
Сілавікі знаходзяць усё новыя спосабы запужваць людзей і раз'ядноўваць іх, пазбаўляць падтрымкі. Караць за дазволенае — ужо сталая практыка.
Беларускае заканадаўства не забараняе пераводзіць грошы людзям, якія знаходзяцца ў зняволенні. Аднак беларускім уладам катэгарычна не падабаецца тое, што людзі падтрымліваюць палітычных зняволеных – тых, хто выступаў супраць рэжыму Лукашэнкі, гаварыў пра фальсіфікацыі выбараў, браў удзел у пратэстах і быў за гэта асуджаны, як правіла, па «тэрарыстычным» або «экстрэмісцкім» артыкуле. Апошнім часам беларускія сілавікі ўсё больш актыўна адсочваюць тых, хто падтрымлівае такіх асуджаных і пераводзіць ім грошы, і заводзяць на іх крымінальныя справы – аб «фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці».
Прысуд за «экстрэмізм» ці нават узбуджаная справа па такіх артыкулах у Беларусі азначаюць неадкладнае звальненне з працы. Прычым як з дзяржсектара, які ў Беларусі складае значную частку эканомікі, так і з прыватных кампаній: як правіла, іх уладальнікі баяцца наймаць людзей, якія чымсьці не падабаюцца ўладам, піша «Настоящее время».
Часта звальняюць не толькі саміх «экстрэмістаў», але і іх сваякоў, што азначае, што сям'я будзе існаваць на мяжы галечы. Акрамя немагчымасці атрымліваць заробак, на «экстрэмістаў» таксама часта накладваюць значныя грашовыя штрафы: калі іх не заплаціць, ва ўладаў ёсць магчымасць арыштаваць нерухомасць і іншую ўласнасць асуджаных.
За данаты палітвязням беларусаў судзілі і раней, але ў асноўным тых, хто рабіў пераводы з-за мяжы. Але цяпер улады краіны публічна прызналі практыку пераследу тых, хто дапамагае асуджаным праціўнікам рэжыму Лукашэнкі, і пацвердзілі, што за такую салідарнасць беларусам пагражае турэмны тэрмін.
Адна з тых, на каго ў красавіку завялі справу аб «фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці» за дапамогу палітвязням, – 63-гадовая жыхарка Брэста Наталля Малец. Сама яна раней таксама была асуджаная па палітычных прычынах, але цяпер на яе завялі новую крымінальную справу.
«Прасцей кажучы, яна спачувала і дапамагала тым, хто займаўся падрыўной дзейнасцю ў дачыненні да Беларусі, удзельнічаў у масавых беспарадках, граміў гарадскую інфраструктуру, ужываў гвалт у дачыненні да праваахоўнікаў, публікаваў іх асабістыя звесткі ў сетцы Інтэрнэт», – сказана ў заяве МУС пра справу Малец.
«Яны абсалютна дакладна акцэнтавалі ўвагу на тым, што пераводы ў турмы з тэрыторыі Беларусі сапраўды гэтак жа будуць імі пераследвацца, як і пераводы салідарнасці з-за мяжы, — асобна падкрэслівае Андрэй Стрыжак, праваабаронца з фонду «BYSOL», які дапамагае палітвязням у Беларусі. — І гэта досыць сур'ёзны сігнал тым, хто рабіў такога кшталту пераводы альбо плануе далей гэтую актыўнасць».
Збіраць сродкі беларускім палітвязням актыўна сталі яшчэ ў 2020 годзе, калі тысячы людзей апынуліся ў турмах за ўдзел у мірных пратэстах. Сабраныя грошы ішлі і ідуць на аплату адвакатаў, перадачы, медыкаменты, аднаўленне пасля вызвалення, а таксама дапамогу сем'ям палітвязняў.
Улады Беларусі робяць усё, каб гэтую дапамогу спыніць: верагодна, яны мяркуюць, што, аказаўшыся ў ізаляцыі і без сродкаў да існавання, праціўнікі Лукашэнкі зменяць свае погляды.
«Улады робяць усё для таго, каб узвесці сцяну паміж тымі, хто дапамагае, і тымі, хто мае патрэбу ў дапамозе: будзь гэта палітвязні, будзь гэта ахвяры іншых відаў рэпрэсій, — падкрэслівае Павел Сапелка з праваабарончага цэнтра «Вясна». — Безумоўна, яны будуць ісці на запалохванне. І будуць рабіць публічнымі вось гэтыя факты прыцягнення да адказнасці».
Але Андрэй Стрыжак упэўнены: нягледзячы на арышты, у Беларусі па-ранейшаму нямала тых, хто не падтрымлівае палітыку Аляксандра Лукашэнкі.
«Цяпер такая сітуацыя, што людзі, нават праз чатыры гады (пасля разгону пратэстаў) усё роўна не згодныя з рашэннямі і прысудамі судоў. Так ці інакш, яны лічаць палітвязняў людзьмі, на якіх трэба арыентавацца, у прыватнасці, у маральна-этычным плане, — адзначае ён. — Яны лічаць, што гэтыя людзі сядзяць за слушную справу».
Праваабаронцы рэкамендуюць памятаць пра правілы бяспекі пры пералічванні грошай палітвязням. Найперш гэта тычыцца тых, хто непасрэдна знаходзіцца ў Беларусі. І дадаюць, што дапамагаць можна не толькі грашыма.
«Можна падтрымаць сем'і, можна падтрымаць дзяцей, можна дапамагчы працаўладкавацца камусьці з былых палітвязняў, членаў сям'ёй палітвязняў», — пералічвае варыянты дапамогі Павел Сапелка.
«У першую чаргу трэба ўстанавіць асабістае знаёмства з сем'ямі палітвязняў і ім дапамагаць. Калі хочаце рабіць гэта матэрыяльна, то гэта лепш рабіць наяўнымі, — дае парады Андрэй Стрыжак. — Калі хочаце дапамагаць нейкімі нематэрыяльнымі спосабамі, то проста дапамагаць фізічна: перакапаць агарод, падвезці дзяцей у дзіцячы садок. Можна зрабіць што-небудзь такое, што не мае пад сабой матэрыяльнай асновы».
«Але няма ніякай гарантыі, што такога кшталту актыўнасць не стане прадметам увагі з боку сілавікоў», — папярэджвае ён.
Улады таксама працягваюць ціск на палітвязняў у Беларусі: тых, хто знаходзіцца ў турмах, пазбаўляюць спатканняў і перадач, блакуюць ім перапіску. Таксама нярэдкія выпадкі, калі ўжо ў зняволенні на іх заводзяць новыя крымінальныя справы.