Пенсіянеры выйшлі на марш супраць дыктатуры (фота, відэа)
Сёння адразу ў некалькіх гарадах Беларусі праходзяць маршы пенсіянераў супраць дыктатуры. Апроч Мінска, дзе марш сабраў каля тысячы ўдзельнікаў, бабулі і дзядулі выйшлі таксама ў Гомелі, Брэсце, Магілёве.
Тыдзень таму мінскія пенсіянеры нечакана сабраліся каля Чырвонага касцёла і вырашылі памітынгаваць. А затым прайшлі бадзёрым маршам па праспекце, самі не заўважыўшы, як апынуліся на плошчы Якуба Коласа. Такім чынам бабулі і дзядулі пратэставалі супраць гвалту. Сёння акцыю вырашылі паўтарыць. Нягледзячы на пахмурнае надвор'е, да 15:00 на плошчы Незалежнасці было ўжо некалькі сотняў пажылых людзей — відавочна больш, чым у мінулы раз.
Як і тыдзень таму, большасць тых, хто сабраўся — жанчыны. Многія прыйшлі з кветкамі, у некаторых у руках плакаты. На плошчы таксама прысутнічаюць сілавікі ў аліўкавай форме. Пенсіянеры скандуюць «Гэта наш горад!» і іншыя лозунгі.
Тым часам удзельнікі мітынгу працягваюць прыбываць на плошчу. У натоўпе арыентыровачна каля тысячы чалавек.
Пастаяўшы трохі на плошчы, пенсіянеры сабраліся ў калону і пайшлі па праспекце. Людзей шмат — галава калоны ля будынка КДБ, а хвост яшчэ на плошчы Незалежнасці. Вадзіцелі ўхвальна сігналяць.
ДАІ просіць пратэстоўцаў не выходзіць на праезную частку і рухацца па тратуары.
Ізноў затрымліваюць журналістаў. «Комсомольская правда» паведаміла пра затрымалі фотакарэспандэнта Святаслава Зоркага, які працаваў на маршы. Таксама пры асвятленні акцыі пратэсту затрымана фотакарэспандэнт расійскага агенцтва ТАСС Наталля Фядосенка.
Насупраць крамы «Лакомка», дзе праходзіў натоўп, спыніўся вядомы бусік. Яго тут жа закідалі кветкамі, і сілавікі з'ехалі.
Нягледзячы на ўзрост, удзельнікі мітынгу вельмі актыўныя і бадзёрыя: ўвесь час скандуюць лозунгі і махаюць рукамі машынам, якія праязджаюць.
У раёне цырка дасталася маладому чалавеку ў сіняй камізэльцы. Пенсіянеры абступілі яго, крычалі «Пайшоў прэч» і «ўзнагародзілі» некалькімі штурхялямі. Прычына канфлікту пакуль не ясная.
Галава калоны дайшла да плошчы Перамогі. Тут удзельнікі шэсця перайшлі дарогу (рух машын па кальцу перакрыты) і, як і ў мінулы раз, накіраваліся ў бок МДЛУ.
Па дадзеных сэрвісу «Яндекс.Пробки» рух па праспекце Незалежнасці перакрыты ў раёне Акадэміі навук у бок цэнтра. Ад Акадэміі навук да парку Чалюскінцаў ўтварыўся вялікі затор.
Марш у Гомелі
Брэст
Відэа: @Khliabets
Магілёў
Паводле onliner.by