Патрабуем спынення ціску на свабоду выказвання! Заява праваабаронцаў

Беларускія праваабарончыя арганізацыі выступілі з сумеснай заявай наконт фактаў пераследу супрацоўнікаў TUT.BY.

Супрацоўнікі TUT.BY. Фота TUT.BY

Супрацоўнікі TUT.BY. Фота TUT.BY

Шэраг беларускіх праваабарончых арганізацый выступілі з сумеснай заявай наконт пераследу супрацоўнікаў TUT.BY. Дзеянні ўлад у дачыненні да супрацоўнікаў найбуйнейшага і папулярнага ў краіне інфармацыйнага рэсурса з’яўляюцца працягам мэтанакіраванай палітыкі ўлад па абмежаванні распаўсюду непадцэнзурнай інфармацыі ў краіне», — гаворыцца ў заяве.

Заяву падпісалі: ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў», РГА «Прававая ініцыятыва», Беларускі дакументацыйны цэнтр, «Ініцыятыва FORB», Цэнтр прававой трансфармацыі «Lawtrend», праваабарончы цэнтр «Вясна», РПГА «Беларускі Хельсінкскі камітэт», Беларускі ПЭН-цэнтр.

Сумесная заява беларускіх праваабарончых арганізацый з нагоды пераследу TUT.BY

18 траўня Дэпартамент фінансавых расследаванняў прыйшоў з ператрусамі ў рэдакцыю, рэгіянальныя структуры, да журналістаў і рэдактараў найбольш папулярнага беларускага інтэрнэт-партала TUT.BY. Адбыліся ператрусы таксама ў рэдакцыях сумежных бізнесаў — AV.BY, RABOTA.BY. Амаль адначасова на падставе паведамлення Генеральнай пракуратуры Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь абмежавала доступ да інтэрнэт-рэсурсу TUT.BY і яго люстэркаў.

У той жа дзень Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю заявіў, што распачата крымінальная справа ў дачыненні да службовых асоб ТАА «ТУТ БАЙ МЕДЫА» паводле прыкметаў складу злачынства, прадугледжанага часткай 2 артыкула 243 КК Рэспублікі Беларусь (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры).

Мы, арганізацыі, што падпісаліся ніжэй, лічым гэтыя факты працягам наступу на свабоду слова. Спасылкі ўладаў на эканамічныя парушэнні, якія нібыта сталі падставай для пераследу, ужо шмат гадоў актыўна выкарыстоўваюцца дзеля абгрунтавання рэпрэсіўных захадаў супраць праваабаронцаў, медыя, незалежных прафсаюзаў.

Гэта не першыя спробы ціску на найбуйнейшае беларускае сеткавае медыя. У жніўні 2018 года некалькі рэдактараў TUT.BY трапілі пад крымінальны пераслед па так званай "справе БелТА", на пачатку 2019 года галоўны рэдактар партала Марына Золатава была па гэтай справе асуджаная. Напрыканцы 2020 года партал TUT.BY пазбавілі статусу СМІ, неаднойчы на яго адрас з боку службовых асоб гучалі пагрозы заблакаваць дзейнасць.

Мы лічым, што гэтыя дзеянні ў дачыненні да супрацоўнікаў найбуйнейшага і папулярнага ў краіне інфармацыйнага рэсурсу з’яўляюцца працягам мэтанакіраванай палітыкі ўладаў па абмежаванні распаўсюду непадцэнзурнай інфармацыі ў краіне. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў Беларусі заблакаваныя дзясяткі грамадска-палітычных і інфармацыйных сайтаў, шэраг друкаваных выданняў вымушаныя былі спыніць выхад. На раніцу 18 траўня за кратамі ў Беларусі знаходзілася 16 журналістаў і медыяспецыялістаў, 11 з іх — па крымінальных справах.

Па справе TUT.BY вядома, што на 15.00 20 траўня затрыманыя:

1.      Генеральны дырэктар Людміла Чэкіна,

2.      Галоўны рэдактар Марына Золатава,

3.      Рэдактар Вольга Лойка,

4.      Намесніца дырэктара Ірына Рыбалка,

5.      Журналістка Алена Талкачова,

6.      Галоўная бухгалтарка Анжэла Асад,

7.      Намесніца галоўнай бухгалтаркі Марыя Новік,

8.      Галоўная інжынерка Ала Лапатко,

9.      Намеснік генеральнага дырэктара ў тэхнічных пытаннях Аляксандр Дайнека,

10. Менеджар Андрэй Аўдзееў,

11. Юрыстка Кацярына Ткачэнка,

12. Былая юрыстка Ірына Касцючэнка.

А таксама

Дырэктар Hoster.by Сяргей Повалішаў,

Дырэктарка Rocket Data Дар'я Данілава,

Юлія Чарняўская, удава Юрыя Зісера — заснавальніка TUT.BY, знаходзіцца пад хатнім арыштам. Больш за двое сутак пасля затрымання сваякам і блізкім не было вядома пра яе месцазнаходжанне.

Сёння, 21 траўня, заканчваецца тэрмін папярэдняга затрымання пералічаных асобаў.

Мы патрабуем:

·        вызвалення ўсіх затрыманых;

·        спынення ціску на свабоду выказвання, журналістаў і незалежныя медыя;

·        Спынення палітычна матываванага пераследу і вызвалення ўсіх палітычных зняволенных.