Пасля затрымання мужчыну збілі, зламалі руку, змясцілі ў карцар. Сёння яго асудзілі на «суткі»

Пасля суботняга «хапуна» Іллі Басюку зламалі руку, змясцілі яго ў карцар на трое сутак і сёння асудзілі на 10 сутак, піша тэлеграм-канал «Вясна назірае».

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Іллю Басюка затрымалі 27 сакавіка каля ГЦ «Рыга» на ўваходзе ў піцэрыю. Паводле слоў Іллі, яго паклікалі невядомыя і папрасілі прайсці з імі ў аўтобус. Ён і пайшоў. У Партызанскім РУУСе на яго склалі два пратаколы: за пікетаванне шляхам узняцця кулака ўверх і за непадпарадкаванне пры затрыманні.
На першым судзе 30 сакавіка сведка-міліцыянт заявіў, што сваім кулаком уверх ён падахвочваў іншых людзей да падобных дзеянняў, з-за чаго адвакатка Басюка абурылася:
— Чаму вы вырашылі, што ўзнятыя ўверх рукі азначаюць нязгоду з уладай?— Заклікалі так рабіць, раней былі такія мерапрыемствы. — Гэта зыходзячы з вашага папярэдняга досведу? — Так.
З-за чарговага «я проста пераблытаў час» ад сведкі, суддзя Міхаіл Макарэвіч адправіў справу Іллі на дапрацоўку. Трэба адзначыць, што ў рапарце апытання сведкаў нават не было іх асабістага подпісу, што з'яўляецца прамым парушэннем заканадаўства. А відэа, прадастаўленае адвакаткай, даказвае, што Ілля не аказваў непадпарадкавання, а ішоў добраахвотна і ў гэты момант рука яшчэ ў яго не была зламаная. Але сведка-міліцыянт заявіў: «Не рэагаваў на жэсты супрацоўнікаў — значыць, упіраўся».
Пасля гэтага, каб не выпускаць па заканчэнні 72-гадзіннага тэрміну, на Іллю склалі новы пратакол па арт. 24.3 КаАП нібыта за тое, што ён «у падвале РУУСа выхапіў бланк апытання і хацеў унесці туды запісы без дазволу».
На судзе Ілля Басюк заявіў, што яго білі ў ІЧУ. Мужчыну зламалі руку. Таксама яго змясцілі ў карцар на трое сутак. Цяпер ён адчувае сябе вельмі дрэнна: яго ванітуе, кружыцца галава і баліць зламаная рука. Адпаведную медыцынскую дапамогу яму не аказалі, а далі толькі таблетку і бінт. Мужчына прасядзеў у карцары са зламанай рукой трое сутак без матраца і пасцельнай бялізны.
У выніку, суддзя Міхаіл Макарэвіч 2 красавіка пакараў Іллю па апошнім пратаколе па арт. 24.3 КаАП 10-сутачным арыштам.