Памінанне ахвяраў сталінізму ў Курапатах

Вечарам 29 чэрвеня ў Курапатах адбылося штомесячнае традыцыйнае памінавенне ахвяраў сталінізму. Больш за 10 дэмакратычных актывістаў пад бел-чырвона-белымі сцягамі хвілінай маўчання ўшанавалі памяць бязвінна забітых людзей, правялі малебен, усклалі бел-чырвона-белыя кветкі, запалілі знічкі і праспявалі беларускі духоўны гімн «Магутны Божа»



Намеснік старшыні руху салідарнасці “Разам”, адзін з лідараў беларускага прадпрымальніцкага руху Алесь Макаеў нагадаў, што памінанне ў Курапатах праводзіцца з 2007 году дзеля таго, каб у беларускім календары з'явіўся Дзень памяці ахвяраў таталітарных рэпрэсій на Беларусі 29 кастрычніка. Паводле ягоных слоў, сёння ўкраінскія патрыёты гінуць за сваю Бацькаўшчыну, каб яна жыла, 26 чэрвеня ў судзе Цэнтральнага раёну сталіцы адбыўся судовы працэс абаронцаў Курапатаў супраць Генеральнай пракуратуры, у нацыянальным некропалі па аўторках аднавілася талака, выйшаў на волю вядомы праваабаронца Алесь Бяляцкі, распачалася крымінальная справа супраць праваабаронцы Кацярыны Садоўскай, якая з’яўляецца чалавекам сталага ўзросту і ўжо была закратаваная, хварэе на дыябет і анкалогію.
Ветэран беларускага дэмакратычнага руху, нязменны сцяганосец ушанавання ў Курапатах Ніна Багінская зазначыла, што праз 25 гадоў пасля таго, як у Вільні адбыўся ўстаноўчы сойм БНФ, ягоныя мэты не яшчэ дасягнутыя. “Нашае пакаленне сыходзіць – хто ў іншы свет, а хто ў эміграцыю. Але жыццё ідзе адвечным шляхам і нашу барацьбу працягвае моладзь. І я ўпэўнена, што наша змена рэалізуе ідэалы беларускага нацыянальнага адраджэння, закладеныя нашымі продкамі 100 гадоў таму. Таму што сённяшнія маладыя дэмакратычныя актывісты лепшыя, чым мы – яны сапраўдныя вернікі. Бог даў магчымасць кожнаму народу нарадзіцца на сваёй зямлі, шанаваць гэтую зямлю, сваю родную мову і культуру. А гэта значыць – быць сапраўдным нацыяналістам. Я мару пра тое, каб мой народ стаў нацыяналістам, каб з Богам вярнуў на сваю зямлю адзіную дзяржаўную беларускую мову, наш спрадвечны бел-чырвона-белы сцяг і герб “Пагоня”. І калі ўсе народы свету стануць нацыяналістамі, не будзе войнаў. А яшчэ я жадаю, каб наш народ ніколі не зведаў нацызму, які ідзе ад апошняй імперыі ў свеце – Расійскай”, -- сказала Ніна Багінская.
Як распавяла Кацярына Садоўская, яе дзед, у якога было пяцёра дзяцей, у снежні 1932 году быў рэпрэсаваны і пяць гадоў правёў у ГУЛАГу на будаўніцтве Беламорканала. “Сям’ю выкінулі на вуліцу, нягледзячы на лютыя маразы, а ўсю маёмасць забралі. У 1937 годзе дзед вярнуўся на Бацькаўшчыну, але праз тры месяцы сталінскія каты зноў яго арыштавалі і расстралялі. Мой дзед хацеў жыць вольна і выхоўваць сваіх дзяцей, але яго расстралялі. А сёння мне не даюць жыць так, як хацеў мой дзед”, -- сказала Кацярына Садоўская.
Пастаянны ўдзельнік памінавення ў Курапатах Алена Скам’янава заклікала беларусаў прачытаць кнігу Францішка Аляхновіча “У капцюрох ГПУ”, што распавядае пра мінскую беларускую рэчаіснасць 1929 году. На яе думку, гэтая кніга павінна быць у кожнай хаце і гэтую кнігу павінен прачытаць кожны беларус. “Бо каб я і мае суайчыннікі выраслі з гэтай кнігай, якой больш за 80 гадоў, дык у Курапаты стаялі б шматтысячныя чэргі беларусаў, якія прыязджалі б сюды з адной мэтай – ушанаваць памяць сваіх бязвінна палеглых продкаў. У сваёй кнізе аўтар апісвае тыповую сцэну, падслуханую закратаванымі вязнямі Мінскай турмы: людзей выклікаюць з камеры на выхад “с вещами”, у калідоры пачынаецца барацьба, прыглушаная сценамі, чалавеку затыкаюць рот кляпам і ён не паспявае крыкнуць, скручваюць і валакуць у машыну. Яе гул сведчыць пра тое, што новых ахвяраў сталінізму павезлі на расстрэл у Камароўскі лес…”
Наступнае ўшанаванне бязвінных ахвяраў таталітарызму адбудзецца ў Курапатах 29 ліпеня а 18.00.