Палітзняволеную Марфу Рабкову паставілі на прафілактычны ўлік як «схільную да экстрэмізму»
Як стала вядома «Вясне», праваабаронцу і каардынатарку валанцёрскай службы «Вясны» Марфу Рабкову паставілі на прафілактычны ўлік як «схільную да экстрэмізму». Пакуль невядома, якім чынам гэта адаб'ецца на яе ўмовах утрыманнях у СІЗА-1, дзе яна знаходзіцца ўжо восьмы месяц.
Раней праваабаронца Таццяна Гацура-Яворская распавядала, што
25 сакавіка Марфа Рабкова разам з сукамерніцамі адсвяткавала Дзень Волі,
надзеўшы белае адзенне і ўплецеўшы ў валасы бел-чырвона-белыя папяровыя кветкі.
Пасля гэтага камера была расфармаваная. Пазней «Вясне» стала вядома,
што за гэта дваіх дзяўчат змясцілі ў карцэр на 5 і 10 сутак.
Гацура-Яворская правяла з Марфай у адной камеры сем дзён да
свайго раптоўнага вызвалення 15 красавіка.
Праваабаронца Марфа Рабкова была затрыманая 17 верасня 2020
года, а ў СІЗА-1 утрымліваецца з 19 верасня. Яна абвінавачваецца ў трох
артыкулах: ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (навучанне ці іншая падрыхтоўка
асоб да ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаванне гэтай дзейнасці, ч. 3
арт. 130 (распальванне сацыяльнай варожасці да ўлады групай нявысветленых асоб)
і ч. 2 арт. 285 Крымінальнага кодэкса (удзел у злачыннай арганізацыі). Па гэтых
артыкулах Марфе пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі.
Марфе некалькі разоў падаўжалі меру стрымання ў выглядзе
ўтрымання пад вартай. У апошні раз — да 19 чэрвеня 2021 года.
У падтрымку Марфы Рабковай і з патрабаваннем яе неадкладнага
вызвалення выказаліся міжнародныя праваабарончыя арганізацыі: Amnesty
International, Front Line Defenders, Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў
(партнёрства Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў і FIDH).