Палітзняволеную Гаянэ Ахціян, маці анархіста Рамана Халілава, асудзілі на тры гады «хіміі»
У судзе Фрунзенскага раёна Мінска да трох гадоў «хіміі» асудзілі 57-гадовую палітзняволеную Гаянэ Ахціян — маці актывіста анархічнага руху Рамана Халілава. Суддзя Алена Бушава прызнала яе вінаватай па ч.1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак).
Пасля амаль чатырох з паловай месяцаў у СІЗА-1 жанчыну вызвалілі ў
залі суда да накіравання ў папраўчую ўстанову, паведамляюць праваабаронцы.
Нагадаем, 26 лістапада 2021 года сілавікі выламалі дзверы кватэры Гаянэ і правялі ператрус. Саму жанчыну затрымалі і даставілі ў Полацкі ГАУС, дзе склалі пратакол за «непадпарадкаванне». Затым жанчыну асудзілі на 10 сутак арышту.
Тады ж у прапагандысцкіх тэлеграм-каналах з'явілася відэа ператрусу, дзе Ахціян стаіць на каленях перад супрацоўнікамі ГУБАЗіКа і прызнае сваю віну. Пры гэтым відэа, па некаторых прыкметах, было змантавана. У відэароліку было напісана: «Родители в ответе за своих детей…»
Сын Гаянэ Ахціян анархіст Раман Халілаў ужо доўгі час жыве за мяжой.