«Пайшла з дому з дзіцем і 200 доларамі». Гісторыі беларусаў, што з'ехалі з краіны дзеля бяспекі

Са жніўня 2020-га з Беларусі з'ехала ў некалькі разоў больш чалавек, чым за ўвесь мінулы год. Беларусы кідаюць наладжанае жыццё, выходзяць з дому «у адным камплекце бялізны і з 200 доларамі» — каб, кажуць яны, нарэшце адчуць сябе ў бяспецы.

Алена Шымоліна

Алена Шымоліна

Юрыст Алена Шымоліна ў Пінску чалавек вядомы. Па-першае, яна родная цётка былога суддзі Аляксея Пацко - памятаеце яго? - які пасля выбараў адмовіўся ад спраў па 23.34 і звольніўся. Па-другое, Алена некалькі гадоў кіравала дабрачыннай арганізацыяй, якая займалася дапамогай людзям, што трапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю. Разам з валанцёрамі яна рыхтавала і раздавала ежу бяздомным, прыглядала падчас пандэміі за адзінокімі старымі, разносіла ім прадукты з крамы.
Улетку гэтага года Алена стала незалежнай назіральнікам. Падчас датэрміновага галасавання і ў асноўны дзень выбараў яна знаходзілася на ўчастку. Аднак перад падлікам галасоў яе папрасілі пакінуць памяшканне. Што адбывалася на ўчастку, калі дзверы перад яе носам зачыніліся, яна не ведае.
Пасля выбараў у Пінску адбыліся масавыя дэманстрацыі і сутычкі з АМАПам.
— Там была просто жэсць! Калі пачалася жорсткая чыстка, мы з яшчэ адной жанчынай забеглі ў двор дома, нам адкрылі дзверы і пусцілі ўнутр. Мы прабылі там да 4.00 і толькі потым я пайшла дадому.
Затрыманых падчас акцый пратэстаў у Пінску 9-11 жніўня адвезлі ў ІЧУ і СІЗА Баранавічаў.
Алена з аднадумцамі на валанцёрскіх пачатках стала дапамагаць пацярпелым ад гвалту пры затрыманнях.
16 жніўня на галоўнай плошчы горада сабраўся стыхійны мітынг, удзельнікі якога патрабавалі вызваліць затрыманых. Адным са спікераў была Алена.
— Потым ноччу мне патэлефанавалі з Івацэвічаў і сказалі, што выпусцілі першую партыю - 8 чалавек. Заставаліся яшчэ 20. Нам прапанавалі прыехаць і забраць іх, бо ні аўтобусаў, ні цягнікоў не было ў такі час. Мы заправілі шэсць машын, узялі гарбату, каву і паехалі з валанцёрамі за людзьмі, - успамінае жанчына.
«Разгул дэмакратыі» ў Пінску, як і ў іншых гарадах краіны, працягваўся нядоўга: неўзабаве пачалі «закручваць гайкі».
15 кастрычніка, за дзень да таго, як міналі два месяцы пасля маштабнага жнівеньскага мітынгу, міліцыя прыйшла і за Аленай:
— Мяне завялі ў кайданках ў машыну, адвезлі ў пастарунак, а на наступны дзень быў суд. Далі 30 базавых велічынь (810 рублёў) па 23.34 КаАП — на суткі адправіць не маглі, у мяне непаўналетняе дзіця.
Праз два дні пасля суду да Алены зноў прыйшлі — на гэты раз з ДФР. Жанчыне паказалі паперу аб тым, што ў дачыненні да яе дабрачыннай арганізацыі праводзіцца праверка за ўхіленне ад выплаты падаткаў.
— Яны прыйшлі і перавярнулі ўсё дагары дном. Забралі тэлефоны, ноўтбук, жорсткія дыскі. Дома ператрус зладзілі. На наступны дзень мяне выклікалі на допыт. Там чатыры гадзіны трымалі. Потым адпусцілі дадому.
На наступны дзень Алена з'ехала з 13-гадовай дачкой ва Украіну, адтуль — у Польшчу:
— Я пайшла з дому ў адным камплекце бялізны, з дзіцем і 200 доларамі ў кішэні.
Зараз Алена дапамагае праваабарончай арганізацыі, якая займаецца такім жа палітычнымі эмігрантамі, як і яна. Дачка вучыцца ў польскай школе.
— Для сябе я вырашыла, што пры цяперашняй ўладзе не вярнуся. Гэтая ўлада скрала ў мяне магчымасць жыць, думаць, нешта рабіць пазітыўнае для грамадства. Я зразумела, што калі застануся, то мне не дадуць жыцця — у мяне сэрца хворае. Я не магла больш у гэтым знаходзіцца: усе гэтыя праверкі, два месяцы нейкія людзі мне ноччу тэлефанавалі, грымелі ў дзверы, хадзілі ў школу да майго дзіцяці. Я вельмі хачу дадому, але так я не магу жыць.
Больш гісторый людзей, якім давялося ў мэтах бяспекі пакідаць краіну, можна прачытаць у матэрыяле TUT.by