Пачынаецца датэрміновае галасаванне на выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў
18 сакавіка ў Беларусі пачынаецца датэрміновае галасаванне на выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў. Выбарчыя ўчасткі будуць працаваць па 22 сакавіка ўключна з 10 да 14 гадзін і з 16 да 19 гадзін.
У адпаведнасці з Выбарчым кодэксам Беларусі датэрмінова прагаласаваць можа выбаршчык, які не мае магчымасці ў дзень выбараў знаходзіцца па месцы свайго жыхарства. Пры гэтым на выбарчым участку
павінны быць створаны ўмовы, якія выключалі б кантроль за яго волевыяўленнем, а бюлетэнь павінен апускацца ў апячатаную асобную скрыню.
Афіцыйнага пацвярджэння прычын немагчымасці прыйсці ў памяшканне для галасавання ў дзень выбараў не патрабуецца. Для таго каб узяць удзел у датэрміновым галасаванні, неабходна
падаць пашпарт. У выпадку яго адсутнасці бюлетэнь можна атрымаць пры прадстаўленні іншых дакументаў, якія сведчаць асобу, — вадзіцельскага пасведчання, ваеннага білета (для
ваеннаслужачых тэрміновай службы), пенсійнага пасведчання (пры наяўнасці ў ім фатаграфіі), службовага пасведчання дзяржаўнага служачага, даведкі органаў унутраных спраў (для грамадзян, якія
згубілі пашпарт), студэнцкага білета.
Грамадзянам Расійскай Федэрацыі, якія пастаянна жывуць у Рэспубліцы Беларусь, бюлетэнь для галасавання па выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў дэпутатаў выдаецца пасля прад`яўлення віду на жыхарства ў Рэспубліцы Беларусь.
Выбары пройдуць у 1.328 мясцовых саветах дэпутатаў, для чаго створаны 18.816 выбарчых акругаў. Кандыдатамі ў дэпутаты мясцовых саветаў былі зарэгістраваныя 22.338 чалавек.
Асноўны дзень галасавання на выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў — 23 сакавіка.
Варта зазначыць, што прадстаўнікі апазіцыі неаднаразова заяўлялі аб неабходнасці адмены ці абмежавання датэрміновага галасавання. На іх думку, менавіта падчас датэрміновага галасавання магчымыя
масавыя фальсіфікацыі — напрыклад, укідванне ці замена бюлетэняў у начны час, калі назіральнікі не маюць магчымасці сачыць за захаванасцю урнаў для галасавання. Апрача таго, паводле звестак
незалежных назіральнікаў і праваабаронцаў, падчас датэрміновага галасавання ўлады актыўна задзейнічаюць адміністрацыйны рэсурс, каб павялічыць яўку выбаршчыкаў за кошт студэнтаў,
ваеннаслужачых, работнікаў дзяржустаноў.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН