Аднаўляе працу інтэрактыўная платформа грамадзянскага маніторынгу за выбарамі Electby.org

18 сакавіка, у дзень пачатку датэрміновага галасавання, у Беларусі ў трэці раз запрацаваў сайт грамадзянскага назірання за выбарамі Electby.org. Гэта адкрытая для ўсіх інтэрактыўная пляцоўка, дзе кожны можа падзяліцца сваімі назіраннямі і адчуваннямі ад мясцовых выбараў.



ajsizebg79cb4so3z8tgyzrykxfn4c_pre.jpg

Асноўная функцыя Electby.org — збор паведамленняў пра выбарчую кампанію ад грамадзян і іх аўтаматычная візуалізацыя на мапе Беларусі. Кожнае паведамленне з’яўляецца ў выглядзе кропкі на інтэрактыўнай мапе і сістэматызуецца па катэгорыях. Дасылаць паведамленні можна па-беларуску ці па-руску: мова арыгінала будзе захаваная. Чым больш людзей пакіне свае сведчанні на Electby.org, тым больш поўнай будзе карціна выбарчай кампаніі і яе вынікаў.

Парушэнні падчас выбарчай кампаніі, агітацыйныя  кур’ёзы, прымус да тэрміновага галасавання, ціск на дэмакратычных кандыдатаў і актывістаў, махінацыі з бюлетэнямі... З дапамогай Electby.org усе гэтыя штрыхі імгненна адлюструюцца на жывой карціне “Выбары 2014”.  

Каб карціна была максімальна поўнай, на мапе “Выбары 2014” у асобных катэгорыях, пазначаных адпаведнымі колерамі, будуць таксама з’яўляцца парушэнні, зафіксаваныя групамі па назіранні за выбарамі (Беларускім Хельсінскім камітэтам, праваабарончым цэнтрам “Вясна” і EOTP). 

Даслаць сведчанне і дадаць сваю кропу можна праз онлайн форму, e-mail, Twitter (як гэта зрабіць: http://2014.electby.org/page/index/1) і SMS (нумар +37065279366).

Па ўсіх пытаннях пішыце: electbyorg@gmail.com

Даведка:

Electby.org працуе на платформе Ушахідзі (Ushahidi у перакладзе з мовы суахілі азначае “сведчанне”) — сістэма, якая дазваляе збіраць паведамленні з розных крыніц, аўтаматычна наносіць іх на мапу і сістэматызаваць. Electby.org быў створаны групай беларускіх інтэрнэт-актывістаў падчас прэзідэнцкіх выбараў 2010 г. Тады на платформу грамадзянскага маніторынгу за выбарамі паступіла 615 сведчанняў ад выбарцаў і грамадзян з усёй Беларусі. Падчас парламенцкіх выбараў 2012 г. Electby.org, нягледзячы на спробы блакіроўкі сайта непасрэдна ў дзень выбараў, сабраў 528 сведчанняў разнастайных парушэнняў.