Па ініцыятыве Ціханоўскай створаны Міжнародны фонд падтрымкі палітвязняў

У Нарвегіі стварылі Міжнародны гуманітарны фонд у падтрымку беларускіх палітвязняў і іх сем’яў, паведамляе прэс-служба Святланы Ціханоўскай.

Фота прэс-службы Святланы Ціханоўскай

Фота прэс-службы Святланы Ціханоўскай

Фонд створаны па ініцыятыве Ціханоўскай, якая зараз знаходзіцца з візітам у Осла.

Гуманітарны фонд дапамогі беларускім палітзняволеным і іх сем’ям будзе аказваць медычную, матэрыяльную і псіхалагічную дапамогу, а таксама рэабілітацыю для асобаў, якія зазналі палітычныя рэпрэсіі ад рэжыму.

Падчас працоўнага візіту ў Осла беларуская лідарка сустрэлася з прэм’ер-міністрам Ёнасам Гарам Стэрэ, які пацвердзіў: Нарвегія выдзеліць 10 мільёнаў нарвежскіх крон (каля аднаго мільёна еўра) як першы ўнёсак у фонд. Распараджацца ім будуць беларускія арганізацыі і ініцыятывы, якія дапамагаюць палітвязням і іх сем’ям.

Зараз Міністэрства замежных справаў працуе над фармалізацыяй працы фонду. Міністр замежных справаў Эспен Барт Эйдэ падтрымаў гэтую ініцыятыву і падкрэсліў: «Сітуацыя з палітвязнямі ў Беларусі вельмі трывожная. Такая дапамога вельмі патрэбная для рэабілітацыі былых палітвязняў і іх сем'яў».

Унесці сродкі ў фонд змогуць як іншыя ўрады, так і міжнародныя арганізацыі і патэнцыйныя донары.


Глядзіце таксама

Пасля выбараў 2020 года рэжым Лукашэнкі распачаў у Беларусі найбуйнейшыя ў Еўропе па маштабе палітычныя рэпрэсіі са сталінскіх часоў. Праз турмы, крымінальны пераслед, катаванні і іншыя формы прыгнёту прайшлі дзясяткі тысяч беларусаў. Тысячы з іх былі прызнаныя праваабаронцамі палітвязнымі.

Зараз у спісе «Вясны» 1392 палітычныя зняволенныя. Некалькі тысяч ужо адбылі пакаранне. Насамрэч палітвязняў у Беларусі нашмат болей, бо не пра ўсе выпадкі праваабаронцы маюць інфармацыю.