Сястра Марыі Калеснікавай: «Другі год, калі мы не можам перадаць Машы віншаванні»

Таццяна Хоміч, сястра Марыі Калеснікавай кажа: «Гэта ўжо чацвёрты дзень народзінаў у зняволенні і другі год, калі мы не можам перадаць Машы віншаванні з-за інфармацыйнай блакады. Нават сваякі не маюць сувязі з ёй». Сёння, 24 красавіка, Марыі Калеснікавай, адной з ключавых фігур і сімвалаў беларускага пратэсту — 2020, спаўняецца 42 гады, нагадвае «Будзьма». 

zanoczy_marsz_fota_dzmitryja_dzmitryeva__33__logo_2_logo_2_logo.webp

Апошні ліст ад Марыі Калеснікавай яе сваякі атрымалі 14 лютага 2023 года, нагадвае Таццяна Хоміч. Да першай гадавіны інфаблакады Таццяна Хоміч падрыхтавала вытрымку з ранейшых лістоў Марыі.

У сакавіку Таццяна Хоміч выступіла на 68-й сесіі Камісіі па статусу жанчын ААН у Нью-Ёрку, дзе нагадала пра Марыю і яшчэ амаль 200 жанчын, якія знаходзяцца ў беларускіх СІЗА і калоніях: «Пасля 2020 года жанчыны сталі ахвярамі прымусовых знікненняў, катаванняў, жорсткага абыходжання і іншых форм фізічнага і псіхалагічнага ціску, уключна з пагрозамі адабраць іх дзяцей органамі дзяржаўнай сацыяльнай абароны».

Да дня нараджэння Марыі Калеснікавай у аўстрыйскім Зальцбургу адбылася прэм’ера спектакля, натхнёнага гісторыямі беларускіх жанчын-палітвязынак. Паводле аўтаркі пастаноўкі, актрысы і рэжысёркі Марыны Якубовіч, «вобраз Марыі стаў адным з найважнейшых персанажаў спектакля і, калі можна так сказаць, маім партнёрам па сцэне, гэты спектакль я вельмі хачу прысвяціць ёй і ўсім беларускім палітвязням і палітвязынкам».

Глядзіце таксама

Марыя Калеснікава рыхтавалася зусім не да палітычнай кар’еры, дзяўчынку, якая нарадзілася ў Мінску ў сям’і інжынераў, вабіла мастацтва. Спачатку хаця б шумныя навагоднія святы. «У 80-х святочныя ялінкі з усімі персанажамі (Дзед Мароз, Снягурка) ладзілі ў садках, у школах, на працы бацькоў, таму святочны настрой і жывыя стасункі зацягваліся надоўга, — успамінае бацька Марыі Аляксандр Калеснікаў. — Памятаю, як Маша запытала: «А колькі ўсяго на свеце Дзедаў Марозаў і Снягурак?», бо паўсюль яны былі рознымі. Часта ад яскравых уражанняў і эйфарыі ўсеагульнай радасці, любові і дабра яна моцна пераўзбуджалася і супакоіць яе было не вельмі проста. У такія моманты яны была вельмі рухомай, радаснай і вясёлай. Адным словам — шчаслівай. І ўсе мы былі шчаслівыя».

Марыя Калеснікава ў дзяцінстве. Крыніца: https://www.instagram.com/kalesnikava/

Марыя Калеснікава ў дзяцінстве. Крыніца: https://www.instagram.com/kalesnikava/

Малодшая сястра Таццяна распавядала, што Марыя любіць стасавацца «з людзьмі з розных сфер, бо гэта магчымасць навучыцца чамусьці новаму (...), выдзяляецца вострым пачуццём справядлівасці (...), заўжды была лідаркай, людзям з ёй цікава, бо яна ўмее натхняць».

Марыя Калеснікава ў дзяцінстве. Крыніца: https://www.instagram.com/kalesnikava/

Марыя Калеснікава ў дзяцінстве. Крыніца: https://www.instagram.com/kalesnikava/

Музыка была побач з сёстрамі заўсёды. У інтэрв’ю «Радыё Свабода» напярэдадні 9 жніўня 2020 года Марыя казала: «Мы з сястрой сусветную музычную класіку ведалі ад маці, а класіку рока — ад бацькі. Прыблізна ў адзін час мы слухалі канцэрты Рахманінава і рок-оперу Jesus Christ Superstar. Гэта арганічна спалучалася з дзяцінства. Мы з маці часта выязджалі ў краіны Еўропы і абавязкова ішлі ў оперны тэатр, на канцэрт, у музей, на выставу».

Марыя Калеснікава з бацькам. Фота: прэс-служба Віктара Бабарыка

Марыя Калеснікава з бацькам. Фота: прэс-служба Віктара Бабарыка


Глядзіце таксама

Пра адукацыю

Марыя скончыла Музычную акадэмію па спецыяльнасці флейтыст і дырыжор, адначасова з вучобай выкладала: «Я пачала працаваць вельмі рана. У 17 гадоў я ўжо выкладала флейту ў гімназіі ў Мінску. У мяне была магчымасць граць у розных калектывах — оперны тэатр, аркестр Фінберга (там быў ансамбль флейцістаў, зь якім мы абʼездзілі ўсю Беларусь). Калі толькі арганізоўваўся прэзідэнцкі аркестр, шмат студэнтаў у ім гралі, і я ў тым ліку. Калі я заканчвала кансерваторыю і стажыроўку пры Акадэміі музыкі, зразумела, што хачу далей развівацца, і паступіла на магістра ў Нямеччыну, і змагла скончыць па дзвюх спецыяльнасцях». Марыя Калеснікава падкрэслівала, што ў Нямеччыне «прайшла сапраўдную школу менэджменту, уліку, арганізацыі, і гэты неверагодны досвед магу прымяняць у Беларусі».

Марыя Калеснікава. Крыніца: https://www.instagram.com/kalesnikava/

Марыя Калеснікава. Крыніца: https://www.instagram.com/kalesnikava/

Пра мовы

«Я размаўляю па-нямецку, па-ангельску, па-беларуску і па-расейску, — казала Марыя Калеснікава ў тым жа інтэрв’ю «Радыё Свабода». — Апошнія 12 гадоў я найбольш гавару па-нямецку і крыху па-расейску. Менш гавару па-ангельску і па-беларуску. Таму я крыху саромеюся, але імкнуся пры любой магчымасьці гаварыць на гэтых мовах. Мне складана пераключацца паміж любымі мовамі. Калі трапляю ў беларускамоўнае асяроддзе, я пачынаю гаварыць, але нашмат больш павольна, чым па-расейску. Я шмат чытаю па-беларуску, люблю размаўляць з людзьмі па-беларуску. Гэта выклікана ў тым ліку і любоўю маіх бацькоў да Беларусі. Бабулі і дзядулі нас выхоўвалі, што мы беларусы і павінны ведаць беларускую мову».

Паводле Марыі Калеснікавай, з класікаў беларускай літаратуры яна аддае перавагу Уладзіміру Караткевічу і Максіму Багдановічу, з сучасных — Віктару Марціновічу, а з беларускіх аўтараў, якія пішуць па-расейску, любіць творы Святланы Алексіевіч і Сашы Філіпенкі.


Глядзіце таксама

Вяртанне ў Беларусь

У 2019 годзе памерла маці Марыі Калеснікавай — і яна прымае рашэнне вярнуцца ў Беларусь. Займалася культурніцкімі праектамі, стварыла цыкл лекцый «Урокі музыкі для дарослых» (на лекцыі прыходзіла да 120 чалавек«, удзельнічала ў праекце «Аркестр робатаў» — там школьнікаў вучылі праграмаванню музычных робатаў. Галоўным праектам стаў ОК16, які паўстаў у купленых мецэнатам і банкірам Віктарам Бабарыкам былых завадскіх памяшканнях у Мінску. Вельмі хутка ОК16 стаў адной з галоўных культурных пляцовак Беларусі, арт-дырэктаркай якой была Марыя Калеснікава.

Падчас працоўных сустрэч, абмеркаванняў з Бабарыкам Марыя Калеснікава зразумела, што «ў нас многія жыццёвыя каштоўнасці аднолькавыя, і ў той момант я пачула пра яго жаданне высоўвацца на пасаду прэзідэнта і цалкам яго падтрымала».

Марыя Калеснікава, Святлана Ціханоўская, Вікторыя Цапкала. Крыніца: https://www.instagram.com/kalesnikava/

Марыя Калеснікава, Святлана Ціханоўская, Вікторыя Цапкала. Крыніца: https://www.instagram.com/kalesnikava/

Далей былі падзеі, якія ўжо можна лічыць гістарычнымі для найноўшай Беларусі. Заява Бабарыкі ад 12 мая 2020-га пра ўдзел у выбарах, рэгістрацыя ягонай ініцыятыўнай групы, праца Марыі ў штабе экс-банкіра. Потым — пасля ягонага арышту — супольная праца са Святланай Ціханоўскай і Вікторыяй Цапкала. Знакамітае сэрцайка і пераможная ўсмешка. Пратэсты, стварэнне Каардынацыйнай рады, праца ў краіне ўжо без паплечніц. У верасні 2020 года Марыя была схоплена сілавікамі, парвала пашпарт на мяжы (яе хацелі прымусіць пакінуць краіну) і вярнулася на тэрыторыю Беларусі. Затрыманне, СІЗА, прысуд на 11 гадоў калоніі.

Максім Знак і Марыя Калеснікава. Фота: sputnik.by

Максім Знак і Марыя Калеснікава. Фота: sputnik.by

Шмат вядома пра «асаблівае» стаўленне ў калоніі да Марыі Калеснікавай, пакуль яшчэ ад яе ішлі лісты, яна казала, што «жыве так, нібыта ўсяго жахлівага і «дзіўнага», што мяне атачае, проста не існуе».

«А кажучы пра глабальныя рэчы — канечне, зараз складана ўсім, і велізарны непакой за ўсю сітуацыю агулам. Але мой падыход той жа — гэта ўсё скончыцца. Мы самі змяніліся і гэта назаўжды!» — пісала яна праз 800 дзён пасля зняволення.

Ужо падчас зняволення Марыя Калеснікава стала лаўрэаткай прэмій імя Сахарава (2020), Льва Копелева (2021), Міжнароднай жаночай прэміі за мужнасць (2021), Вацлава Гавела (2021), прэміі Інстытута даследавання таталітарных рэжымаў за свабоду, дэмакратыю і правы чалавека (2021), Стыга Дагермана (2022) і іншых.У 2022-м Марыя Калеснікава стала ганаровым прафесарам Універсітэту Мацартэум, а ў кастрычніку 2023 года — ганаровым доктарам Універсітэта мастацтваў у аўстрыйскім Грацы.


Глядзіце таксама

«Каханне мацнейшае за страх»

Святлана Ціханоўская сёння піша: «24 красавіка — дзень народзінаў Марыі Калеснікавай. Нашай Машы, чыя прамяністая ўсмешка стала падтрымкай для тысячаў беларусаў. Калі «рэжым з жанчынамі не ваюе», то як жа так атрымліваецца, што ўжо чацвёрты год Маша сустракае гэты дзень за кратамі? Што гэта, калі не вайна?

У Беларусі зараз амаль дзве сотні жанчын-палітвязняў, сумарна прысуджаных да сотняў гадоў за кратамі. А час, які адбірае ў іх рэжым — немагчыма папоўніць. Гэта гады, якімі яны павінны насалоджвацца на волі. Пісаць кнігі і складаць музыку. Вывучаць новыя прафесіі і праводзіць рэформы ў палітыцы. Падарожнічаць і развівацца. Быць вольнымі.

Таму так важна працягваць падтрымліваць палітвязняў і іх сем’і: сваімі гісторыямі ў лістах, добрымі словамі і данатамі, калі гэта для вас бяспечна. Нашае адзінства, салідарнасць і чалавечнасць — гэта тое, што дапаможа нам выстаяць даўжэй за любы рэжым і разам прыйсці да таго, у што мы верым.

Сям’я Машы без сувязі з ёй ужо больш за год. І я не ведаю, калі нашыя лісты і віншаванні дойдуць да адрасаткі. Ці дойдуць увогуле?

Але я ведаю напэўна, якому падарунку яна была б радая. Абдыміце тых, хто побач з вамі. Патэлефануйце тым, хто далёка. Будзьце адзін у аднаго. Памятайце пра тое, што сказала Маша: «Каханне мацнейшае за страх». Як мага часцей нагадвайце пра гэта сабе і рабіце ўсё, што ў вашых сілах, каб даказаць слушнасць гэтых словаў».


Budzma.org