Новы тэлеграм-бот ад праваабаронцаў піша скаргі на ўмовы ўтрымання ў ІЧУ

"Прававая ініцыятыва" стварыла тэлеграм-бот, які дапамагае абскардзіць умовы ўтрымання пасля адміністрацыйнага арышту або затрымання.

Фота: Дар'я Буракіна, TUT.BY

Фота: Дар'я Буракіна, TUT.BY


Арганізацыя займаецца праблемай умоваў утрымання адміністрацыйна арыштаваных з 2010 года. За гэты час на ўмовы ўтрымання было напісана шмат скаргаў, адбыліся шматлікія судовыя паседжанні, паходы ў пракуратуру Мінска і Канстытуцыйны Суд, удалося нават дамагчыся доўгачаканага рамонту. У бытавым плане сітуацыя палепшылася, але адміністрацыя ЦІП працягвае мэтанакіравана ствараць невыносныя ўмовы для палітычных арыштаваных. Напрыклад, катаванні адсутнасцю сну і пахам хлоркавай вадкасці, пазбаўленне людзей спальных прыналежнасцяў і нядопуск адвакатаў.
Ідэя бота нарадзілася яшчэ ўзімку падчас масавых затрыманняў за мірныя акцыі супраць інтэграцыі з Расіяй. Стваральнікі бота разумелі, што падчас прэзідэнцкіх выбараў масавыя затрыманні адновяцца, таму вырашылі стварыць інструмент, які зробіць складанне скаргі зручней, разгрузіць праваабаронцаў і дасць магчымасць самім затрыманым паўдзельнічаць у напісанні скаргі.
Бот складае не універсальную скаргу, а дазваляе паскардзіцца на асобныя аспекты ўтрымання, якія не задаволілі арыштаванага. Напрыклад, калі медыцынская дапамога не была неабходная, можна праігнараваць гэты аспект і паскардзіцца на іншыя ўмовы, напрыклад, на ўмовы харчавання, прагулак або гігіены.
«Нам часта даводзіцца назіраць, як людзі, чые правы парушылі, здаюцца і не працягваюць скардзіцца. У выпадку затрыманняў гэта натуральна: калі чалавек не збіраецца вяртацца ў ІЧУ або ЦІП, у яго ёсць толькі жаданне хутчэй забыцца пра гэты вопыт. А як раз у выпадку бесчалавечнага ўтрымання арыштаваных скаргі вельмі неабходныя. Калі не заяўляць пра тое, што ўтрыманне людзей у брудных камерах без натуральнага асвятлення і свежага паветра бесчалавечна, гэтыя ўмовы ніколі не зменяцца. Таму мы паспрабавалі максімальна палегчыць працэс і ператварылі складанне такіх скаргаў у справу пяці хвілін», — паведаміла адна са стваральніц бота, выканаўчы дырэктар арганізацыі Юлія Швабовіч.