Еўрасаюз прыняў адмысловую заяву напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі
Высокі прадстаўнік Еўрапейскага саюза Жазэп Барэль напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі выступіў з адмысловай заявай і адзначыў, што дэмакратыя і правы чалавека па-ранейшаму будуць вызначаць фарміраванне ЕС палітыкі ў дачыненні да нашай краіны.
«Падчас
выбарчай кампаніі беларускі народ прадэманстраваў беспрэцэдэнтную палітычную
мабілізацыю ў абарону свабодных выбараў і дэмакратыі. — гаворыцца ў заяве. — Мірная
мабілізацыя грамадства ўжо сутыкнулася з недапушчальнымі новымі абмежаваннямі
свабоды СМІ і сходаў, а таксама з затрыманнямі мірных дэманстрантаў, унутраных
назіральнікаў, журналістаў і актывістаў, Суверэнітэт і незалежнасць краіны
магчыма ўмацаваць толькі праз мірныя, свабодныя і справядлівыя выбары. ЕС
працягвае заклікаць беларускія ўлады забяспечваць фундаментальныя свабоды
выказвання і мірных сходаў у адпаведнасці з міжнароднымі абавязацельствамі
Беларусі.
Еўрапейскі саюз звяртаецца да
беларускіх уладаў з заклікам гарантаваць рэалізацыю кандыдатамі ў поўнай меры
палітычных правоў, пазбягаць прымянення сілы супраць мірных пратэстоўцаў,
устрымлівацца ад далейшых затрыманняў назіральнікаў за выбарамі, мірных
дэманстрантаў, кандыдатаў і чальцоў іх каманд і неадкладна вызваліць усіх
актывістаў, праваабаронцаў, блогераў і журналістаў, затрыманых па палітычных
матывах.
ЕС будзе і надалей імкнуцца ўмацоўваць
ўзаемадзеянне з беларускім народам. Мы падтрымліваем незалежнасць і суверэнітэт
Беларусі, а дэмакратыя і правы чалавека па-ранейшаму будуць вызначаць
фарміраванне Еўрапейскім саюзам палітыкі ў дачыненні да краіны».
Паводле прэс-службы Прадстаўніцтва Еўрапейскага cаюза ў Беларусі