«Ноч расстраляных паэтаў» пройдзе ў Курапатах 29 кастрычніка

Зміцер Дашкевіч распавёў пра ідэю правесці «Ноч расстраляных паэтаў» у Курапатах 29 кастрычніка.

Курапаты, фота Арцёма Лявы

Курапаты, фота Арцёма Лявы

81 год таму ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ва ўнутранай турме НКУС у Мінску былі расстраляныя больш за 130 беларускіх паэтаў, пісьменнікаў, навукоўцаў, грамадскіх дзеячаў. Сярод іх — такія выбітныя творцы, як Міхась Чарот, Алесь Дудар, Міхась Зарэцкі, Платон Галавач, Юлі Таўбін, Анатоль Вольны, Тодар Кляшторны, Юрка Лявонны, Валер Маракоў і многія іншыя. Такога злачынства не ведае гісторыя ніводнай еўрапейскай дзяржавы.


«Дзеля ўшанаваньня памяці нявінна забітых паэтаў і пісьменьнікаў давайце зьбярэмся 29 кастрычніка ў Курапатах. Фармат вельмі сьціплы і годны: чытаем творы рэпрэсаваных Саветамі літаратараў, сучасныя творы на адпаведную тэматыку. Чытаньні будуць праходзіць з 20-ай да 24-ай гадзіны з таго боку Курапатаў, дзе бульбашжор «Поедім-поедім». Зьбіраемся ля 6-метровых крыжоў, якія ўсталёўвалі сёлета», — заклікае Зміцер Дашкевіч.
У «Ночы расстраляных паэтаў» чакаецца ўдзел многіх вядомых пісьменьнікаў, паэтаў і музыкаў.