Зміцер Дашкевіч: Не бачу аргументаў, якія дазволілі б нам супрацьстаяць усталёўцы помніка ад дзяржавы

Безумоўна, самая лепшая дапамога ад нашай дзяржавы – гэта не суваць свінячы лыч, не перашкаджаць добрай справе.

Зміцер Дашкевіч, фота Белсат

Зміцер Дашкевіч, фота Белсат

Не лезлі чыноўнікі – і дзясяткі тысяч годна адсвяткавалі БНР-100. Не перашкаджала дзяржава – і Глеб Лабадзенка з народнай падтрымкай паставіў першы ў Беларусі помнік Тадэвушу Касцюшку. Не стаўляюць ідэолагі саўка палкі ў колы – і Андрэй Кім запаланіў кінатэатры беларускай мовай. З іншага боку, сунула дзяржава свой лыч – і няма шыльды БНР. Зноў уціснула парсючыны пятак – разбурыла дзень вышыванкі. Завішчалі свінні у пагонах – і няма заўзятараў на спартовых трыбунах.
І вось цяпер мы назіраем, як падыходзіць да рэалізацыі ўсталёўка дзяржавай памятнага знаку ў Курапатах. Форма, у якой нашая дзяржавушка часта робіць тыя ці іншыя дзеянні, – ні з кім не раючыся, нахрапам, – абгрунтавана выклікае адмоўную рэакцыю арганізма. Але апроч формы ёсць змест – і нам трэба добра падумаць над тым, наколькі гэта сапраўды слушна, па змесце пратэставаць супраць дзяржаўнага мемарыялу ў Курапатах?

Дазволю сабе выказаць меркаваньне. Асабіста я не бачу ніякіх лагічных і маральных аргументаў, якія дазволілі б нам супрацьстаяць усталёўцы памятнага знаку ад дзяржавы.


Па-першае, сам памятны знак не самы горшы, які мог бы быць. Ну не ў РПЦэшную ж цыбуліну збіраюца апрануць «Галгофу», але паставіць даволі сціплы звон. Што дрэннага ў ім ці такога ўжо непрыгожага?
Па-другое, мы так доўга абвінавачвалі пракамуністычную дзяржаву (і рабілі гэта слушна), што яна не ўшаноўвае Курапаты і памяць нявінна забітых камуністамі. Ну вось цяпер прыйшла (пара. — НЧ.) ушанаваць. Што зрабіць, што дзяржавушка нашая гэта робіць нязграбна? Іншага чакаць і не выпадала. Але ўсё ж пагодзімся, усталёўка памятнага знака – гэта не блюзнерства, як пабудаваны побач бульбашжор «Поедем-поедім», але ўшанаванне Курапатаў.
Па-трэцяе, хіба дзяржава нешта бурыць з народнага мемарыялу? (А я лічу, гэта магла быць адзіная сапраўдная падстава, якая дазволіла б не толькі выходзіць на пратэст, але і заклікаць да пратэсту грамадства.) Не, не бурыць – пакуль у дзяржавы хапае розуму нічога не кранаць. І адказныя за працы людзі публічна абяцаюць, што нічога кранута не будзе.
Магчыма, нехта лічыць сябе правым казаць: тут не рабіце, а рабіце тут; вы не ўшаноўвайце, а вы шануйце. Ну, хто лічыць правым, няхай робіць. Але я мяркую, гэта і не вельмі слушна, і не вельмі лагічна. Канечне, нам бы хацелася ўсё і адразу: і каб архівы адкрылі, і каб ідалаў савецкіх скінулі, і каб злачынцы былі названы злачынцамі, і каб тое, што робіцца ў Курапатах, рабілася шчыра і без кан’юктуры.
І ці не ў падобнай сітуацыі быў апостал Павал, які дзве тысячы год таму пісаў, што некаторыя з любові прапаведуюць Ісуса Хрыста, а некатоыря праз зайсдрасць, каб павялічыць цяжар Паўлавых путаў. І кажа: «І што з гэтага? Усякім чынам, ці дзеля віду, ці праўдзіва, але Хрыстос прапаведуецца, і я з гэтага радуюся і буду радавацца» (Піліпцам 1). Дык паслухайце, сябры, мы не круцей за чалавека, тэкстамі якога напоўнена ледзь не палову Новага Запавету.
Некаторыя з любові змагаюцца за Курапаты, а іншыя з зайздрасці, а іншыя, каб павялічыць цяжар нашых путаў. І што з гэтага? Я мяркую, нічога. Бо ўсякім чынам, ці дзеля віду, ці праўдзіва, але праўда пра Курапаты прапаведуецца. Гэтаму давайце радавацца.


Фэйсбук Змітра Дашкевіча