Не працягнуты кантракт з вядомым гісторыкам Андрэем Кіштымавым
Кіраўніцтва сталічнай прыватнай установы адукацыі “Інстытут парламентарызму і прадпрымальніцтва” адмовілася падоўжыць працоўны кантракт з вядучым айчынным даследчыкам сацыяльна-эканамічных праблемаў гісторыі Беларусі XIX стагоддзя Андрэем Кіштымавым.
Андрэй Кіштымаў;
Імя Андрэя Кіштымава шырока вядома на Бацькаўшчыне, у еўрапейскіх краінах і ЗША. Ён — вельмі таленавіты, працавіты, глыбокі даследчык, прынцыповы выкладчык і бліскучы прамоўца, які сваімі ўнутранымі і знешнімі якасцямі цалкам адпавядае ўяўленню нармальных людзей пра сапраўднага інтэлігента ад навукі — акадэмічнага даследчыка і ўніверсітэцкага прафесара.
Каля пяці гадоў на айчынным тэлеканале АНТ навукоўца вёў папулярныя цыклы перадач, прысвечаных мінуламу эканомікі Беларусі і беларускім прадпрымальнікам. Гісторык — аўтар 300 навуковых публікацыяў, у тым ліку апошняй вялікай манаграфіі “История Белорусской железной дороги. Из XIX века в век XXI”, адзін з аўтараў акадэмічных выданняў — шасцітомніка "Гісторыя Беларусі" і “Нацыянальнага гістарычнага атласу Беларусі”, навуковага зборніку “Eastern European Railways in Transition” (“Чыгункі Усходняй Еўропы ў перыяд рэформаў”), які нядаўна выйшаў у Лондане, пастаянны ўдзельнік Міжнародных канферэнцый даследчыкаў Беларусі ў Коўне (Літва), нацыянальных і міжнародных канферэнцый па праблемах мінулага айчыннай эканомікі, захавання нацыянальнай спадчыны, гісторыі паўстання 1863 году і Беларускай Народнай Рэспублікі, эксперт шэрагу гістарычных і турыстычных праектаў, сябра рэдакцыі часопісу “Спадчына”, Беларускага камітэту ICOMOS (Міжнароднага савету па захаванню помнікаў і памятных мясцінаў), Асацыяцыі даследчыкаў гісторыі гандлю, купецтва і мытнай справы (Расія) і Міжнароднай асацыяцыі даследчыкаў чыгункі (Францыя). Апроч таго, даследчык кансультуе навуковыя працы студэнтаў, аспірантаў і дактарантаў. Дарэчы, для многіх сваіх вучняў гісторык упершыню адкрыў веліч, логіку і павучальнасць тысячагадовага айчыннага мінулага, якое не абмяжоўваецца толькі шасцігадовай Другой сусветнай вайной.
Дзевяць гадоў таму Андрэй Кіштымаў ужо быў пакараны за іншадумства — ён стаў ахвярай хвалі рэпрэсій — вялікай акадэмічнай чысткі, што тады перажыў Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Цягам некалькіх гадоў з інстытуту былі звольнены аўтар доктарскай дысертацыі “Становление советской тоталитарной системы в Беларуси (1917–1941)” Таццяна Процька, якую ёй так і не дазволілі абараніць, даследчыца гісторыі Слуцкага збройнага чыну 1920 году Ніна Стужынская, аўтар кнігі “Невядомая вайна” пра самае трагічнае для Беларусі нашэсце Маскоўскай дзяржавы ў 1654–1667 гадах Генадзь Сагановіч, даследчык старажытнасцяў Мінску і Полацку, археолаг Сяргей Тарасаў і аўтар манаграфій пра тры падзелы Рэчы Паспалітай і іх наступствы для Беларусі ў апошняй траціне XVIII — на пачатку XIX стагоддзяў Яўген Анішчанка.
Перад самым звальненнем з Інстытута гісторыі, дзе Андрэй Кіштымаў адпрацаваў амаль 27 гадоў і прайшоў усе ступені службовай лесвіцы ад малодшага лабаранта да старэйшага навуковага супрацоўніка, навуковая ўстанова выдала манаграфію "Гістарыяграфія аграрнай гісторыі Беларусі. 1861–1917 гады". У гэтай кнізе прозвішча гісторыка ўзгадваецца ў такім кантэксце і з такімі ацэнкамі, якія нагадваюць 1937 год. Так, працы Кіштымава, што маюць дачыненне да перыяду царскай Расіі, характарызуюцца як “разбэшчаны антысавецкі пасквіль”, што патыхае “заалагічнай нянавісцю да сучасных уладаў”. Паміж выхадам гэтай манаграфіі і сваім звальненнем Андрэй Кіштымаў бачыць відавочную сувязь.
Калі гісторык прыйшоў у Інстытут парламентарызму і прадпрымальніцтва, дзе адпрацаваў амаль 11 гадоў, ва ўмовах прыватнага ВНУ ён спадзяваўся атрымаць тое, чаго відавочна не хапала ў Інстытуце гісторыі, — акадэмічных вольнасцяў. Але гэты выкладчыцкі рамантызм хутка выветрыўся з галавы гісторыка, хоць ён паспяхова выкладаў шэсць курсаў, у тым ліку ўпершыню ў Беларусі свой аўтарскі “Гісторыя прадпрымальніцтва”, працягваў актыўна займацца даволі актуальнай і сёння любімай навуковай тэмай — праблематыкай XIX стагоддзя, — эпохі шпаркага развіцця навукі і тэхнікі, станаўлення класічнага капіталізму, абуджэння нацыянальнай самасвядомасці, нараджэння палітычных партый, узнікнення ідэалогіі кансерватызму і лібералізму. Дарэчы, уся гэтая праблематыка поўнасцю выпала з тэматыкі Інстытуту гісторыі. Такое стаўленне акадэмічнага кіраўніцтва Андрэй Кіштымаў тлумачыць нежаданнем “размініраваць міннае поле айчыннай гісторыі” і сістэматычна даследаваць слаба вывучаныя пытанні XIX стагоддзя, калі беларускія землі знаходзіліся ў складзе Расійскай імперыі і адно за адным тройчы адбываліся нацыянальна-вызвольныя паўстанні супраць царскага самаўладдзя, а таксама было адменена прыгоннае права, якое вельмі нагадвае сённяшняя кантрактная сістэма.
Гісторык лічыць, што за апошнія 20 гадоў айчынная гуманістыка перажывае другую хвалю рэпрэсіяў — чыстку вышэйшых навучальных установаў, пра што сведчаць невыпадковае знікненне многіх актуальных гістарычных сюжэтаў з скарочаных курсаў шэрагу гуманітарных дысцыплін пасля пераходу на чатырохгадовае навучанне ў ВНУ, а таксама нядаўнія звальненні шэрагу вядомых навукоўцаў з ВНУ, у першую чаргу з Гарадзенскага дзяржаўнага універсітэту імя Янкі Купалы.
На меркаванне Андрэя Кіштымава, такая “паказальная публічная лупцоўка” айчынных гуманітарыяў павінна стаць своеасаблівай перасцярогай для тых даследчыкаў мінулага і выкладчыкаў ВНУ, чый пункт гледжання не супадае з афіцыйным. Але навукоўца не сумняваецца, што гісторыя, якую ён так шануе, усё ж такі не пакіне яго без абароны.