Ніколі не позна спыніць будаўніцтва АЭС, — Варонежцаў

Госьць «Інтэрв'ю тыдня» на Радыё Свабода — фізік, кандыдат тэхнічных навук, былы сябра Чарнобыльскай камісіі Вярхоўнага Савету СССР Юры Варонежцаў. 

68d42200_32c0_4caf_b721_88afe10d411a_w650_r0_s.jpg


Ён нагадвае, што яшчэ ў 2010 годзе былі зробленыя дакладныя высновы, што будаўніцтва АЭС у Беларусі эканамічна цалкам не апраўданае, сцьвярджае, што Беларусь толькі ашчадзіць, калі спыніць будаўніцтва АЭС, і заяўляе, што недабудаваны аб’ект павінен стаць помнікам недальнабачнасці ўлады і абыякавасці грамадства.

На Чарнобыльскай АЭС і да аварыі было мноства інцыдэнтаў, якія маглі скончыцца гэтак жа трагічна

— Наша размова адбываецца на фоне чарговага інцыдэнту, які здарыўся на будоўлі Астравецкай АЭС. Адзін з мясцовых актывістаў паведаміў пра пажар у шчытавой, але прадстаўнікі БелАЭС заявілі, што пажару не было, толькі кароткае замыканне. Ужо ня першы раз адбываецца так, калі грамадства даведваецца пра нейкія інцыдэнты толькі дзякуючы актывістам, а не афіцыйным прадстаўнікам, якія потым неахвотна прызнаюць наяўнасць праблемаў. Хіба можна так сябе паводзіць з такім аб’ектам, як АЭС?
— На вялікі жаль, у адносінах да будаўніцтва АЭС падыходы не мяняюцца цягам апошніх гадоў. Што б ні здарылася, мы даведваемся нашмат пазней і ня ў поўным аб’ёме.
Усё тое самае, як і ў савецкі час. Калі мне даводзілася ўдзельнічаць у расследаванні прычын катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, то аказалася, што там і да аварыі было мноства інцыдэнтаў, якія маглі скончыцца гэтак жа трагічна. АЭС — гэта не кароўнік і нават не цеплавая станцыя, і да яе будаўніцтва трэба падыходзіць з пэўнымі стандартамі, якія ў нас у краіне папросту не прынятыя.

84a31b88_cc96_478e_abaf_2032d0cb617c_w1023_r1_s.jpg


Яшчэ ў 2010 годзе былі зробленыя дакладныя высновы, што эканамічна будаўніцтва АЭС абсалютна не апраўданае

— Новыя падставы для дыскусіяў наконт АЭС даў сам Аляксандар Лукашэнка, які падчас свайго нядаўняга штогадовага паслання заявіў: «Мне дасюль ніхто ўцямна не далажыў, як АЭС будзе ўбудаваная ў эканоміку». Мільярды даляраў ужо патрацілі, а кіраўніцтва краіны ня ведае, што рабіць з гэтай энэргіяй?
— Калі ўзгадаць, як прымалася рашэнне пра будоўлю АЭС, дык той жа Лукашэнка адпачатку казаў, што без рэферэндуму ў краіне, якая гэтак моцна пацярпела ад Чарнобыля — мы не абыдземся. Потым праз год настрой раптам змяніўся — я ня ведаю, хто там што ўвёў яму ў вушы. І канчатковае рашэнне было прынята недзе ў студзені 2008 году на паседжанні Рады бясьпекі. І было падкрэслена, што прынята менавіта палітычнае рашэнне аб будаўніцтве АЭС.
— Калі ўжо Лукашэнка паставіў такое пытанне, то што яму можна адказаць? Куды можна падзець энергію, якая будзе вырабляцца на АЭС, калі суседнія краіны яе яўна не збіраюцца купляць, а самой Беларусі столькі не патрэбна?
— Дзіўна, што кіраўнік дзяржавы кажа, што яму ніхто не далажыў пра тое, як АЭС будзе ўбудавана ў эканоміку краіны. У 2010 годзе была створаная грамадская камісія дзеля экалагічнай экспертызы праекту будаўніцтва АЭС. Туды ўваходзілі такія паважаныя людзі, як Нікітчанка, Яблакаў, іншыя. Там былі пераважна экалагічныя матывы, але былі зробленыя дакладныя высновы, што эканамічна будаўніцтва АЭС абсалютна не апраўданае. Быў праведзены аналіз экспартнага патэнцыялу — тады ўжо было зразумела, што наўрад ці нам удасца нешта прадаць.
Ужо тады таксама была зроблена выснова, што ня ўлічаныя тэндэнцыі энергаспажывання ў Беларусі. У параўнанні з савецкім часам нам удалося знізіць энергаспажыванне на адзінку прадукцыі амаль у два разы. Нібыта забылася, што ў Беларусі існуюць сур’ёзныя дзяржпраграмы, у якіх запісана, што да 2015 году ўсё больш электраэнергіі павінна вырабляцца за кошт альтэрнатыўных, мясцовых крыніц энэргіі.
То бок яшчэ ў 2010 годзе Лукашэнку ўсё было сказана, трэба было проста прачытаць і пагадзіцца з паважанымі навукоўцамі, што АЭС будаваць у Беларусі цалкам немэтазгодна.
— Лукашэнка, напэўна, ведаў пра гэтыя ацэнкі і аналіз. Але ў яго, відаць, ёсьць катэгарычнае неўспрыняццё тых парадаў і высноваў, якія даюць не дзяржаўныя структуры, а незалежнае грамадства, якое ён успрымае як апазіцыю. І гэта адметнасць аўтарытарнай улады — пры гэтым многія людзі не разумеюць непасрэднай сувязі дэмакратыі з эканамічнымі рашэннямі. У дэмакратычных краінах немагчымы такі мэханізм прыняцця рашэнняў па АЭС, як гэта адбылося ў Беларусі.
— Так, у Польшчы гадамі ідзе дыскусія наконт гэтага, сур’ёзнае сутыкненне думак. У некаторых краінах Еўропы праведзены рэферэндумы па гэтым пытанні, адбываюцца сур’ёзныя дыскусіі ў парламентах, у Нямеччыне менавіта пасля гэтага было прынята рашэнне ўвогуле адмовіцца ад атамнай энергетыкі, як і ў іншых краінах Еўропы.

Чарнобыльскі шлях-2017

Чарнобыльскі шлях-2017


АЭС стане помнікам недальнабачнасці ўлады і абыякавасці грамадства
— Дык а што зараз можна зрабіць з АЭС, маючы на ўвазе, што значная частка будаўніцтва ўжо праведзеная і патрачаныя вялізныя грошы?
— Я катэгарычны праціўнік атамнай энэргетыкі. Я б спыніў будаўніцтва, гэта робіцца ў многіх краінах. Тая ж новая АЭС, якую будуюць фіны ад 2005 году, ня будзе запушчаная, хоць там затрачана шмат грошай. У канчатковым выніку мы з вамі ашчадзім — ня мы, дык нашы дзеці. Бо спыненне і вывад двух рэактараў нашым наступнікам праз 40–50 гадоў абыдзецца прыблізна ў такую ж суму, якая затрачаная на будаўніцтва. Гэта нямецкі доьвед, калі АЭС «Норд», зачыненая ў 90-я гады, будзе выводзіцца да стану «зялёнага лугу» цэлых 5 гадоў, і на гэта затрацяць больш за 3 мільярды еўра.
— Вы лічыце, што спыніць будаўніцтва АЭС ніколі ня позна?
— Так. Такое рашэнне можна прымаць за 5 хвілін да запуску рэактара. І нашы дзеці і ўнукі будуць толькі ўдзячныя нам за гэта.
— А недабудаваны аб’ект у такім варыянце стане помнікам. Помнікам чаму?
— Ня толькі, скажам мякка, недальнабачнасці і невысокаму ўзроўню пісьменнасці дзейных уладаў. Але і нашай з вамі агульнай абыякавасці і баязлівасці. Бо калі ў 2010–11 гадах было нейкае варушэнне, пратэсты — то зараз мы ўсё праглынаем. Нягледзячы на тое, што ў нас уся краіна атрымала вялікую дозу пасля Чарнобыля — тым ня менш мы ў большасці цалкам абыякавыя да таго, што будуецца такі аб’ект.
Як сказаў акадэмік Пётр Капіца: «Я б выбіў на корпусе рэактара словы, што атамная электрастанцыя — гэта атамная бомба, якая вырабляе электрычнасць».