Брэст. Прафілактычныя гутаркі напярэдадні мітынгу
Выклікі на гутаркі ў міліцыю тычацца збору подпісаў за адстаўку кіраўнікоў Брэста, раёна і вобласці ў сувязі са стратай даверу.
Напярэдадні дазволенага Брэсцкім
гарвыканкамам мітынгу “Берасцейцы супраць свінцу”, які плануецца правесці ў
абласным цэнтры 29 красавіка, берасцейцаў пачалі выклікаць на прафілактычныя
гутаркі.
Некалькі грамадзян запрасілі на “прафілактыку” да участковага інспектара Васіля Ігнатоўскага.
Як паведамляе праваабаронцы “Вясны” Уладзімір Вялічкін, выклікі тычацца збору подпісаў за адстаўку кіраўнікоў Брэста, раёна і вобласці ў сувязі са стратай даверу.
Адна з выкліканых, Ала Іванаўна, адмовілася адказваць на пытанні участковага, спасылаючыся на арт.27 Канстытуцыі РБ. Была праведзеная гутарка аб недапушчальнасці парушэння парадку правядзення масавых мерапрыемствах, за што прадугледжаная адказнасць па ч.1. арт. 23.34 КаАП. Магчымы штраф і нават арышт.
Выявілася, што асобы, якіх выклікаюць супрацоўнікі міліцыі, 22 красавіка збіралі подпісы за адстаўку кіраўнікоў горада, раёна і вобласці побач з цэнтральным рынкам.
Берасцейцы падчас мітынгу хацелі звярнуць увагу грамадскасці, што Камбінат па перапрацоўцы асабліва небяспечных адходаў “АйПауэр” будуецца з парушэннямі дзеючага заканадаўства, але абласныя і раённыя чыноўнікі закрываюць на гэта вочы і будаўніцтва працягваецца, бо выгаду ад гэтага прадпрыемства атрымаюць толькі яны. Жыхарам жа дастануцца хіба што хваробы і пакуты.
Паводле spring96.org