«Нам тут жыць». Берасцейцы выйшлі на мітынг супраць «бруднага» заводу
Удзень 29 красавіка ў берасцейскім парку воінаў-інтэрнацыяналістаў мясцовыя жыхары выйшлі на санкцыянаваны мітынг супраць пабудовы акумулятарнага заводу «АйПаўэр» — людзі лічаць, што ён будзе шкодны для здароўя людзей і навакольнага асяроддзя, паведамляе Радыё Свабода.
Арганізатары ацэньваюць колькасць удзельнікаў у 1000 чалавек. На мітынгу шмат людзей з плакатамі, вядоўцамі мітынгу з'яўляюцца блогеры Сяргей Пятрухін і Аляксандар Кабанаў.
Людзі выступаюць са сцэны, скандуюць лозунгі супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу. На мітынгу прысутнічаюць міліцыянты, але ня ўмешваюцца, бо акцыя санкцыянаваная ўладамі.
Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасці трываюць ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі. Штонядзелі пратэстоўцы выходзяць на цэнтральную плошчу ў Берасці.
Будаваць акумулятарны завод пад Берасцем у канцы 2017 году пачала кампанія «АйПаўэр» Віктара Лемяшэўскага. Падрадчыкам выступае Аньхойская замежнаэканамічная будаўнічая карпарацыя (Кітай).
Завод будуецца каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасцем. За два кіламетры — рака Мухавец. Афіцыйная экалагічная экспертыза прагназуе, што ўздзеянне заводу на асяроддзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.