Не — пракладцы кабелю ў ахоўнай зоне Курапатаў!
Каардынатар грамадзянскай ініцыятывы «Эксперты ў абарону Курапатаў» звярнуўся да міністра культуры Юрыя Бондара з просьбай адклікаць дазвол на пракладку кабелю ў ахоўнай зоне ўрочышча.
У звароце ўзгадваецца, што 29 лістапада ў вясковым доме культуры аграгарадку Лясны пад Мінскам адбылося грамадскае абмеркаванне ўздзеяння на навакольнае асяроддзе праекту кампаніі А-100 «Будаўніцтва жылога раёну з інжынерна-транспартнай інфраструктурай і аб’ектамі сацыяльна-гарантаванага абслугоўвання насельніцтва каля вёскі Копішча Мінскага раёну. Кабельныя лініі электраперадачы напружаннем 10 кілавольт».
Падчас грамадскага абмеркавання азначалася, што ў ахоўнай зоне гістарычна-культурнай каштоўнасці міжнароднага значэння «Месца згубы ахвяраў палітычных рэпрэсій 30-х — 40-х гадоў XX стагоддзя ва ўрочышчы Курапаты» на паўночны захад ад яе раней была пракладзена дзеючая траса інжынерных камунікацый (для вады, газу, электрычнасці, цяпла, тэлефоннай сувязі і каналізацыі). Побач з гэтай дзеючай трасай зноўку ў ахоўнай зоне Курапатаў мяркуецца пракласці новую трасу пад кабель у 10 кілавольт.
Чытайце таксама:
Пракладанне кабельных ліній праз ахоўную зону Курапатаў стварае небяспечны прэцэдэнт
Апроч таго, каля паловы даўжыні трасы запланаванай пракладкі кабелю ўздоўж Заслаўскай шашы таксама праходзіць не ў створы існуючай трасы інжынерных камунікацый ў паласе адводу аўтадарогі, а ў ахоўнай зоне Курапатаў.
Як стала вядома грамадскасці, архітэктары — аўтары праекту пракладкі гэтага кабелю не звярталіся да археолагаў Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі з пытаннямі, што тычацца навуковага суправаджэння названага праекту.
Паколькі пракладка ў ахоўнай зоне Курапатаў новага кабелю ў 10 кілавольт супярэчыць заканадаўству, аўтар звароту просіць адклікаць адпаведныя дазволы на гэтыя працы, што выдала Міністэрства культуры.