Сімфонія Кіма Цесакова будзе гучаць над Курапатамі

Спадзяюся, што сімфонія №4 «Курапаты» заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, кампазітара Кіма Цесакова будзе гучаць над Народным мемарыялам ахвярам чырвонага тэрору ва ўрочышчы Курапаты на паўночна-ўсходнім ускрайку Мінска.

kurapaty_cesakou_vynik_3_logo.jpg


Надзея не пакідае, хоць бяcплённымі былі шматлікія спробы актывістаў грамадзянскай ініцыятывы «Эксперты ў абарону Курапатаў» ініцыяваць публічнае выкананне гэтай сімфоніі ў сталічнай канцэртнай залі Белдзяржфілармоніі.
Больш за два гады таму ў лісце да міністра культуры Юрыя Бондара мы прапанавалі ўключыць выкананне музычнага твору Кіма Цесакова ў план канцэртнай дзейнасці Белдзяржфілармоніі на кастрычнік-лістапад 2018 году і прымеркаваць гэтую падзею да 30-годдзя адкрыцця таямніцы Курапатаў.
Для ўдзелу ў вечарыне з шаноўным Кімам Дзмітрыевічам меркавалася запрасіць выбітных прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, журналістаў і дыпламатаў.
Але адзіны вынік нашых стасункаў з чынавенствам — запэўніванне мастацкага кіраўніка Белдзяржфілармоніі, заслужанага артыста Беларусі Юрыя Гільдзюка, што разам з дырыжорам Нацыянальнага акадэмічнага сімфанічнага аркестру Рэспублікі Беларусь, народным артыстам Беларусі Аляксандрам Анісімавым яны знойдуць час, каб сімфонія «Курапаты» абавязкова прагучала ў нейкім канцэрце.
І толькі пасля таго, як адыйшоў у вечнасць аўтар сімфоніі, ягоны твор публічна прагучаў — 13 лістапада ў сталічным Палацы мастацтва падчас адкрыцця III дакументальна-мастацкай выставы «Праўда пра Курапаты». Прагучаў не ў жывым выкананні, а ў запісу. Пад музыку Кіма Цесакова ўдзельнікі адкрыцця агледзелі экспазіцыю, павіталі ягоную ўдаву Тамару Іванаўну, пазнаёміліся з гісторыяй стварэння сімфоніі.

kurapaty_cesakou_vynik_1_logo.jpg


Былая выкладчыца Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжу імя Міхаіла Глінкі Алена Кісялёва зазначыла, што ў сваім творы Кім Цесакоў перадаў свае асабістыя адчуванні сродкамі самай сучаснай і складанай кампазітарскай тэхнікі. Падчас стварэння сімфоніі Кім Дзмітрыевіч нават правёў ноч у Курапатах. Ён паставіў знічкі на край западзін — расстрэльных ямаў і стаў уяўляць жудасныя падзеі, што адбываліся ў гэтым старым хваёвым бары ў даваенныя гады… І быццам пачуў жаночыя галасы, якія скардзіліся яму. Пазней гэтыя інтанацыі творца адлюстраваў у пачатку другой часткі сімфоніі, завершанай 8 лютага 1990 года. У музыцы можна пачуць увесь жудасны абсурд часоў чырвонага тэрору: трывожнае чаканне арышту, грукат у дзверы недзе а чацвертай раніцы, рэзкія загады, крыкі і плач напалоханых дзяцей, жах вобшукаў і арыштаў, стогны збітых арыштантаў, беспаспяховыя скаргі сваякоў, бязлітаснасць прысудаў і стрэлы, што абрывалі жыццё. Ад пакутніцкіх інтанацый вобразаў ахвяраў шчыміць сэрца, а вобразы катаў агучаны так, што аж мароз па скуры дзярэ…

kurapaty_cesakou_vynik_2_logo.jpg


Выбітны беларускі кампазітар, вучань Дзмітрыя Шастаковіча Кім Цесакоў — аўтар адзінага твору айчыннай класічнай музыкі, прысвечанага Курапатам. Твор з поспехам выконваўся ў Беларусі і шэрагу замежных краінаў. Знакаміты дырыжор, народны артыст СССР Яўген Святланаў назваў сімфонію №4 «Курапаты» музыкай сусветнага ўзроўню.