Выкананне сімфоніі «Курапаты» Кіма Цесакова зноў адкладзена

Выкананне ў Мінску сімфоніі №4 «Курапаты» заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, кампазітара Кіма Цесакова зноўку адкладзена.

kurapaty_cesakou_bdf_admova.jpg


Прычыну мастацкі кіраўнік Белдзяржфілармоніі, заслужаны артыст Беларусі Юрый Гільдзюк патлумачыў вялікай занятасцю Нацыянальнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь. Пры гэтым спадар Гільдзюк запэўніў, што разам з дырыжорам аркестру, народным артыстам Беларусі Аляксандрам Анісімавым яны знойдуць час, каб сімфонія «Курапаты» абавязкова прагучала ў нейкім канцэрце.
Нагадаем, што ў кастрычніку 2017 года актывісты грамадскай ініцыятывы «Эксперты ў абарону Курапатаў» у лісце да міністра культуры Юрыя Бондара прапанавалі ўключыць выкананне музычнага твору Кіма Цесакова ў план канцэртнай дзейнасці Белдзяржфілармоніі на кастрычнік-лістапад 2018 году і прымеркаваць гэтую падзею да 30-годдзя адкрыцця таямніцы Курапатаў.
Для ўдзелу ў вечарыне з шаноўным Кімам Дзмітрыевічам Цесаковым меркавалася запрасіць выбітных прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, журналістаў і дыпламатаў, у тым ліку прадстаўнікоў амбасадаў Еўразвязу, ЗША, Ізраіля і Украіны.
У сваім адказе першы намеснік міністра культуры Ірына Дрыга зазначыла, што прапанова грамадскасці будзе разгледжана.
У сваю чаргу, гендырэктар Белдзяржфілармоніі Аляксандр Гарбар даручыў вырашэнне гэтага пытання мастацкаму кіраўніку ўстановы культуры Юрыю Гільдзюку.
Па выніках кантактаў з ім прадстаўнікоў грамадскасці было дамоўлена, што выкананне сімфоніі Кіма Цесакова адбудзецца 4 снежня ў вялікай залі Беладзяржфілармоніі.
Пазней спадар Гільдзюк паведаміў, што ў сувязі са смерцю 12 лістапада 2018 года старшыні Беларускага саюзу кампазітараў (БСК), народнага артыста Беларусі Ігара Лучанка, вырашана перанесці выкананне сімфоніі «Курапаты» Кіма Цесакова на 2 сакавіка і прымеркаваць гэтую падзею да пазачарговага з’езду БСК і ягонага 85-годдзя.
Аднак твор Кіма Цесакова, які летась 20 снежня таксама пайшоў з жыцця, не ўвайшоў у праграму гала-канцэрту «Сімфанічная музыка сучаснай Беларусі», які пачнецца сёння а 19.00 у вялікай залі Белдзяржфілармоніі.
Выбітны беларускі кампазітар, вучань Дзмітрыя Шастаковіча Кім Цесакоў — аўтар адзінага твору айчыннай класічнай музыкі, прысвечанага Курапатам і завершанага 8 лютага 1990 года. Твор з поспехам выконваўся ў Беларусі і шэрагу замежных краінаў. Вядомы дырыжор, народны артыст СССР Яўген Святланаў назваў сімфонію №4 «Курапаты» музыкай сусветнага ўзроўню.