Навіны дня. «Справа траўматолагаў», новыя санкцыі і байкот Беларусі

У традыцыйным вячэрнім аглядзе расказваем пра галоўнае, што адбылося ў Беларусі сёння, 30 сакавіка.

samae_halounae.jpg


Па ўсёй краіне працягваюцца гучныя затрыманні артапедаў-траўматолагаў. Афіцыйная прычына пакуль невядомая. На дадзены момант затрыманы каля 30 чалавек.
Імідж Беларусі на сусветнай арэне падае на вачах: Украіна запускае байкот беларускіх тавараў, фінскі фаст-фуд «Hesburger» закрывае рэстараны ў Беларусі, нямецкая кампанія «Dr. Theiss» спыняе рэкламу на белТБ, Літва ўнесла Беларусь у спіс варожых дзяржаў, беларуская дэлегацыя — непажаданы госць на акцыі з нагоды гадавіны вызвалення канцлагера Бухенвальд.
Пяты месяц запар у Беларусі падае памер пенсійных выплат. Цягнікі гарадскіх ліній перасталі прымаць да аплаты карткі банкаў-нерэзідэнтаў краіны. ЕС рыхтуе новыя санкцыі супраць беларускага банкаўскага сектара.
Весткі пра палітвязняў: выйшаў на волю Мікалай Гаварко — ён цалкам адбыў свой тэрмін. Мастаку Алесю Пушкіну прысудзілі 5 гадоў турмы. 25 сакавіка падчас суду палітвязень на знак нязгоды парэзаў сабе жывот. 8 гадоў турмы далі блогеру Уладзіславу Савіну, якога абвінавачвалі ў "махлярстве ў рэаліці-шоу" і "арганізацыі пратэстаў".Да 10 гадоў зняволення прысудзілі былога падпалкоўніка КДБ Аляксея Храловіча за апублічванне тэлефонных размоў прэс-сакратаркі Лукашэнкі Наталлі Эйсмант.