Лекар: «Хто стане наступным? Стаматолагі, якія ставяць імпартныя пратэзы? Кардыёлагі?»
Лекар Станіслаў Салавей у інтэрв'ю «Филину» расказаў пра тое, што стаіць за масавымі затрыманнямі артапедаў-траўматолагаў па ўсёй Беларусі.
На мінулым тыдні ў краіне былі затрыманыя траўматолагі-артапеды (ад 25 да 50 чалавек), большасць з іх — кіраўнікі аддзяленняў. Іх нібыта падазраюць па артыкуле 430 КК «Атрыманне хабару». Працэсуальны статус медыкаў пакуль не вядомы, паводле інфармацыі нашых калег, цяпер яны знаходзяцца ў СІЗА КДБ. Затрыманні працягваюцца і сёння.
— Уключым банальную логіку. Калі ва ўсіх кутках краіны заселі карупцыянеры ў адной галіне, то атрымліваецца, гэта банда, якая працуе па загадзя распрацаванай схеме. Значыць, напэўна, праблема ўсё-ткі ў сістэме? — разважае Станіслаў Салавей, беларускі лекар, які цяпер працуе ў Адэсе. — Калі хтосьці дапусціў, што ва ўсёй краіне ўсе вядучыя траўматолагі чамусьці сталі злачынцамі... Гэтая версія выглядае смешна.
Калі крымінальная справа звязаная з пратэзамі, як было агучана, магчымыя два варыянты: ці лекарам будуць інкрымінаваць шкоду дзяржаве, маўляў, не паставілі набытыя пратэзы, ці вінаваціць у тым, што ставілі не беларускія, а імпартныя, і мелі з гэтага адкат.
Яшчэ адна версія: лекараў звозілі на нейкія навучальныя мерапрыемствы за кошт кампаніі — гэта нармальная на сусветным рынку практыка, калі для таго, каб навучыць карыстацца новым матэрыялам, кампанія-вытворца аплачвае табе курсы і такім чынам прасоўвае сваю прадукцыю. Пры жаданні можна прыцягнуць, што вы за гэта атрымлівалі гешэфт такім чынам.
Калі некалькі дзясяткаў чалавек, якія займаюцца аперацыямі такога ўзроўню, выбіць з прафесіі нават на кароткі час... Хоць каго цяпер хвалюе аказанне медыцынскай дапамогі?
— Родныя і знаёмыя затрыманых, з якімі гаварылі журналісты, апісваюць іх як выдатных лекараў, запэўніваюць, што яны толькі аперавалі і ніяк не былі звязаныя з закупкамі.
— Маецца на ўвазе, што табе прыйшло на аддзяленне 10 пратэзаў, якія ты павінен паставіць. Праз кавід ты не паставіў, але хто ж ведаў, што будзе прыпыненне дапамогі і іншае. Яны выйшлі ў пратэрміноўку, адпаведна, іх ва ўтыль, а шкода дзяржаве нібыта нанесеная. Такое магчыма. Зноў-ткі, гэта здагадкі.
Ці іншы варыянт: лекары нібыта атрымлівалі адкаты за тое, што пацыенты куплялі пратэзы нямецкай вытворчасці, а не ставілі бясплатна беларускія. Куфэрак адкрываецца проста: калі б якасць пратэзаў беларускіх была супастаўная з нямецкімі, апошнія ніхто б не ставіў і не рэкамендаваў.
— Калі спецыялістаў вузкага профілю затрымліваюць па ўсёй краіне, як гэта адаб'ецца на пацыентах?
— У любым выпадку пацерпіць пацыент. Прызначаная, умоўна кажучы, на чацвер аперацыя не адбудзецца, таму што лекар у турме.
Аддзяленне плануе сваю работу, зыходзячы з сваіх магутнасцей. І калі ў цябе выпадае адзін з вядучых спецыялістаў, то замяніць яго няма кім. Іншыя аперацыі ты не можаш адмяніць, у два разы больш зрабіць не зможаш, у цябе проста часу не хопіць. Адпаведна, гэтыя аперацыі будуць адкладзеныя на нейкі час. А многія ж здавалі аналізы, рыхтаваліся да аперацыі, стаялі на іх у чарзе.
Пасля адной-дзвюх начэй у турме ў многіх калег з'явіцца думка: а ці трэба мне тут далей заставацца?
Хто стане наступным? Стаматолагі, якія ставяць імпартныя пратэзы? Кардыёлагі, якія ставяць імпланты? Працэс рэпрэсій лёгка запусціць. Пытанне — хто пад яго далей патрапіць?
Частка траўматолагаў шчасна з'едуць — тыя, хто застаўся на волі і з каго здымуць абвінавачанні. Не думаю, што ўсе затрыманыя пойдуць па крымінальным артыкуле ці будуць адпраўленыя ў турмы. Хоць, як паказвае практыка, гэта не хвалюе нікога з тых, хто прымае гэтае рашэнне.
Дапусцім, вы падазраеце ў карупцыі спецыялістаў. Мы зыходзім з таго, што гэта не банда забойцаў або тэрарыстаў. Вы баіцеся, што яны змовяцца, і таму вы іх затрымалі?
Каб на суткі затрымаць чалавека, павінны быць важкія падставы. Проста на допыт выклікаць нельга? Вы адрываеце людзей ад працы і пазбаўляеце свабоды проста з-за падазрэнняў у карупцыі? Так дакажыце спачатку. Вазьміце падпіску аб нявыездзе. Гэта ж не баевікі нейкія. Гэта паважаныя людзі — лекары.
Сілавікам трэба апраўдваць сваё існаванне, таму вось глядзіце: змову па ўсёй краіне раскрываем. Але калі ўся сістэма такая гнілая, то як мінімум павінны галовы з Міністэрства аховы здароўя паляцець. Атрымліваецца, што ў вас па ўсёй краіне дзейнічае банда хабарнікаў?
Думаю, гэта барацьба паміж сілавымі службамі — якая з іх больш важная і хто больш узнагарод хоча атрымаць.
— Ваш калега, экс-загадчык аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі Віцебскай бальніцы хуткай дапамогі Уладзімір Мартаў адзначае, што арышт 30 траўматолагаў у Беларусі, на жаль, ужо мала каго здзіўляе. На яго думку, пакорлівае маўчанне калег — гэта прыкмета маральнай дэградацыі.
Вы як думаеце, ці будзе рэакцыя медыцынскай супольнасці і пацыентаў на масавыя затрыманні лекараў?
— Бязмерна паважаю Мартава, але тут з ім не магу пагадзіцца. Гэта не дэградацыя, гэта, па сутнасці, вынік двухгадовага тэрору. Любое іншадумства — у лепшым выпадку цябе звольняць, у горшым — пасадзяць на 30 сутак ва ўмовы беларускай турмы, дзе ў 4-меснай камеры сядзіць па 20 чалавек, і здаровым ты адтуль не выйдзеш.
Любое слова, нават любы намёк можа скончыцца для цябе стратай свабоды. Прычым можаш па крыміналцы пайсці — і акажашся ты карупцыянерам. Таму тыя, хто застаўся ў Беларусі, будуць баяцца выказвацца проста з інстынкту самазахавання.
Рэакцыі Міністэрства аховы здароўя няма. Міністр нічога не пракаментуе і нават не падумае. Пра прафсаюз я наогул маўчу — гэта вартая жалю пародыя на яго. Гэта яшчэ раз паказвае, што ніякай ролі ў абароне медыкаў не грае.
Я прагартаў сайт дзяржаўнага інфармагенцтва: там нічога няма пра затрыманне лекараў. Потым выпусцяць сюжэт пра банду карупцыянераў.
Рэакцыя калег... У забастоўку я не веру. У тое, што будзе адмена планавых аперацый, я не моцна веру. Будуць працаваць у 2-3 змены, каб максімальна знізіць незадаволенасць пацыентаў.
Гэта чарговыя затрыманні ва ўмовах татальнага тэрору. Вось і ўсё. Не веру, што гэта выкліча бунт у медыцынскай супольнасці. Па-дурному чакаць ад людзей, якія за белы аркушык на акне праходзілі ўсе кругі пекла, што яны заступяцца за 30 траўматолагаў. Будуць баяцца.
У любой цывілізаванай краіне свету гэта быў бы скандал, які не сыходзіў бы з першых палос газет як мінімум тыдзень. Ва ўсіх гарадах садзяць вядучых спецыялістаў траўматолагаў — гэта нонсэнс.