Беларусь і Расію не жадаюць бачыць на акцыі з нагоды вызвалення Бухенвальда

Афіцыйных прадстаўнікоў Беларусі і Расіі не будуць сёлета запрашаць на мерапрыемствы з нагоды 77-й гадавіны вызвалення нацысцкага лагера смерці Бухенвальд. Такое рашэнне прыняў Фонд мемарыяльных комплексаў Бухенвальд і Мітэльбаў-Дора.

Барыс Раманчанка

Барыс Раманчанка


«Мы пісьмова апавясцілі консульскія ўстановы пра тое, што іх не чакаюць на мерапрыемствах», — цытуе словы дырэктара арганізацыі Енса-Крысціяна Вагнера Еўрарадыё са спасылкай на ТАСС.

Па яго словах, для яго невыноснай з'яўляецца думка пра магчымы ўдзел беларускіх або расійскіх афіцыйных асобаў у такіх акцыях пасля нядаўняй гібелі вязня Бухенвальда Барыса Раманчанкі.

Нагадаем, што 96-гадовы былы вязень Бухенвальда Барыс Раманчанка загінуў у Харкаве пад расійскім абстрэлам у сярэдзіне сакавіка: снарад пацэліў у яго дом.

У Фондзе кажуць, што іхная забарона адрасаваная толькі афіцыйным прадстаўнікам Беларусі і Расіі — звычайных людзей з Беларусі, Украіны і Расіі яны будуць радыя вітаць.