На чумных свіней кінулі АМАП
Нягледзячы на тое, што крыніцай распаўсюду вірусу афрыканскай чумы свіней па-ранейшаму прызнаная толькі вёска Чапунь Івейскага раёну, свіное пагалоўе нішчаць і ў шэрагу іншых рэгіёнаў. Асабліва шчыруюць ветэрынарныя службы ў Стаўпецкім раёне, дзе хатні статак ліквідуецца сотнямі.
Як апавёў адзін з жыхароў вёскі Цеснавая, практычна ўсюды людзі намагаюцца даваць адпор няпрошаным гасцям.
Мясцовыя ўлады пачалі прыцягваць нават сілы спецыяльнага прызначэння:
«Учора прыехалі з міліцыяй, каб забраць апошняе. Але сілы былі няроўныя: людзі былі настроеныя агрэсіўна, павыходзілі хто з рыдлёўкамі, хто з чым, давялося
ім адступіць. А сёння раніцай зноў вярнуліся — у суправаджэнні АМАПу. Праўда, браць ужо не было чаго, за ноч народ сам вырашыў,
як распарадзіцца сваёй гаспадаркай. Бо даверу да ўладаў няма ніякага. Свініну нібыта ўзважваюць, але даведкі даюць фіктыўныя — без пячатак, без анічога. Дзе
гарантыя, што, забраўшы свінню вагой 300 кілаграмаў, не напішуць потым 50–60? Бо нібыта ж нейкая кампенсацыя абяцаная, але ж гэта таксама ўсё віламі
па вадзе пісана. Фактычна фількава грамата атрымліваецца. Як мне падаецца, будуць махінацыі.
Раён фактычна ізаляваны. Створаныя санітарныя зоны, дарогі на ўездзе пасыпаныя пілавіннем, абпырскваюць колы машынаў, даглядаюць пасажыраў, мінакоў. Прыкладам, людзі ехалі, спрабавалі
вывезці мясныя прадукты, дык усё татальна забіраецца. Малочныя вырабы пакідаюць, але мяса забіраюць адразу ж».
У дэпартаменце ветэрынарнага нагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання заявілі, што захады, каб стрымаць распаўсюд афрыканскай чумы, будуць толькі пашырацца. Перадусім гэта тычыцца так званай першай зоны пагрозы ў радыюсе 40 кіламетраў, у якую ўваходзяць часткі тэрыторыяў Івейскага, Стаўпецкага, Валожынскага, Наваградзкага і Карэліцкага раёнаў. На гэты час ужо знішчана блізу 2 тысяч свіней.