На журналіста Антона Трафімовіча склалі пратакол за непадпарадкаванне

Журналіста Антона Трафімовіча зноў забралі ў міліцыю і склалі пратакол за непадпарадкаванне, паведамляе «Свабода».

Антон Трафімовіч. Фота www.svaboda.org

Антон Трафімовіч. Фота www.svaboda.org

Журналіста Радыё Свабода сёння зноў даставілі ў РУУС Заводскага раёна ў Мінску. На яго склалі адміністрацыйны пратакол за непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі.

15 ліпеня Антона Трафімовіча брутальна затрымалі ў цэнтры Мінску пасля заканчэння стрыму ад Цэнтрвыбаркаму, дзе сабраліся прыхільнікі Віктара Бабарыкі і Валера Цапкалы. Невядомыя людзі ў цывільным зламалі яму нос пры затрыманні.

На наступны дзень міліцыя патлумачыла, што журналіст аказваў супраціўленне, а таму супраць яго прымянілі фізічную сілу.

Трафімовіч лічыць, што справа супраць яго цалкам выдуманая. Міліцыя такім чынам спрабуе апраўдаць свой гвалт.

Сёння раніцай журналіст ехаў здымаць пабоі ў судмедэкспэртызу. На вуліцы Кіжаватава да яго падышлі супрацоўнікі міліцыі і звезлі, забраўшы тэлефон, у РУУС Заводскага раёна.

«Мяне там яўна чакалі», — сказаў журналіст.

Ён патлумачыў, што раніцай яму званілі з Заводскага РУУС, прасілі, каб прыехаў на 10 хвілін. Але пра адміністрацыйны працэс інспектар не згадваў.

«Лічу, што мяне хацелі завабіць туды падманам», — сказаў Трафімовіч.

Журналіст Свабоды правёў у міліцыі каля дзвюх гадзін. Ён адмовіўся даваць паказанні і не падпісаў пратаколы.

«Сказалі, што павязуць у суд, але адпусцілі без тлумачэнняў, — сказаў ён. — Я ўпэўнены, гэта проста яшчэ адна спроба застрашыць мяне і іншых журналістаў».

Антон Трафімовіч падаў заяву ў Следчы камітэт, просіць распачаць крымінальную справу па артыкуле 198 Крымінальнага кодэксу — перашкода прафесійнай дзейнасці журналіста.

«Беларускія ўлады перад выбарамі 9 жніўня спрабуюць спыніць нашу журналісцкую працу і перашкодзіць аўдыторыі атрымліваць доступ да надзейных навінаў», — заявіла выканаўца абавязкаў прэзідэнта Радыё Свабодная Еўропа/Радыё Свабода Дэйзі Сындэлар пасля шэрагу затрыманняў журналістаў Свабоды.

www.svaboda.org