На супрацоўніка «Белтэлекама» з Магілёва завялі крымінальную справу за злівы даных сілавікоў і суддзяў

Магілёўца Дзмітрыя Каханоўскага затрымалі 28 кастрычніка на працоўным месцы, завезлі ў Мінск на Акрэсціна, паведамляе мясцовы тэлеграм-канал MAYDAY. Сілавікі лічаць, што ён зліваў іх асабістыя даныя ў тэлеграм-каналы, прызнаныя ў Беларусі экстрэмісцкімі.

content_3455665.jpg


Дзмітрый Каханоўскі працаваў у магілёўскім філіяле «Белтэлекама» інжынерам-сістэматэхнікам. Як сцвярджаюць супрацоўнікі 11-га ўпраўлення ГУБАЗіК МУС РБ, меў доступ да баз даных аператара. Карыстаючыся службовым становішчам, Каханоўскі нібыта «здабываў з базы асабістыя даныя сілавікоў, дзяржслужачых, суддзяў». Паводле следства, такіх эпізодаў было 46.
Праўладныя тэлеграм-каналы ўдакладняюць, што інфармацыю Дзмітрый зліваў нібыта ў «Чорную кнігу Беларусі» і «Карнікі Беларусі». Таксама, паводле гэтых самых прапагандысцкіх тэлеграм-каналаў, Каханоўскаму ставяць у віну «распальванне сацыяльнай варожасці» (ч.3 арт.130 КК РБ), за што мужчыну можа пагражаць да 12 гадоў пазбаўлення волі.
Цяпер магілёвец знаходзіцца ў Мінску на Акрэсціна, аднак у бліжэйшы час яму выставяць абвінавачанне і перавядуць у СІЗА.