«Мы ўражаныя». Колькі чалавек хочуць мець пашпарт новай Беларусі?
Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета Валерый Кавалеўскі распавёў пра вынікі апытання аб новым нацыянальным пашпарце Беларусі, якое праходзіла на платформе «Голас». Яго словы прыводзіць тэлеграм-канал Кабінета.
«Трохі больш за тыдзень таму мы прэзентавалі праект новага нацыянальнага пашпарта Беларусі. Мы ўражаныя запытам: за такі кароткі тэрмін удзельнікі апытання выказалі намер атрымаць больш за 57 000 пашпартоў. Тысячы з іх пазначылі, што плануюць звяртацца па пашпарт не толькі для сябе, але і для чальцоў сваіх сямей, — адзначыў Валерый Кавалеўскі. — Такое жаданне выказалі беларусы з розных куткоў свету, у тым ліку з ЗША, Канады і іншых дзяржаў. Нас асабліва натхніла, што больш за траціна ўдзельнікаў апытання зараз пражываюць у Беларусі, хоць мы і акцэнтавалі ўвагу на тым, што з меркаванняў бяспекі праект пакуль арыентаваны на беларусаў замежжа. Уражвае, што самай папулярнай прычынай патрэбы ў новым пашпарце апытаныя назвалі непрыняцце рэжыму і яго акупацыйных сімвалаў».
Разам з тым, паводле слоў прадстаўніка Кабінета, амаль палова ўдзельнікаў апытання пражываюць у Еўрасаюзе. «І прадказальна, што іншымі, больш прагматычнымі прычынамі, згодна з апытаннем, стала заканчэнне тэрміну дзеяння пашпарта і цяжкасці з абменам дакумента ў рэжымных консульствах. Апытанне паказала, што мінімум дзве тысячы чалавек маюць патрэбу ў аднаўленні пашпарта ўжо зараз. Гэта можа быць «вярхушкай айсберга», — мяркуе Кавалеўскі.
«Гэта вынік таго, што ўстановы рэжыму не выконваюць сваіх абавязкаў перад грамадзянамі, якія жывуць у замежжы, — дадаў палітык. — Таму мы бяром частку функцый па дакументацыі беларускіх грамадзян на сябе. Нездарма ў апытанні найбольш важнай перавагай новага пашпарта беларусы назвалі свабоду ад кантролю дыктатуры, якую ён дае ўладальніку».
Прадстаўнік АПК падзякаваў усім, хто прыняў удзел у апытанні. «Вы дапамаглі нам ацаніць аб’ём запыту на новы беларускі пашпарт, гэта нам спатрэбіцца таксама і ў працы па дасягненні міжнароднага прызнання пашпарта. Хачу таксама падзякаваць [ІТ-распрацоўшчыку] Паўлу Ліберу і камандзе платформы «Голас», якія камунікацыйна падрымліваюць гэты праект, спадзяюся, гэта супрацоўніцтва працягнецца ў выкананні гэтай задачы», — падсумаваў Валерый Кавалеўскі.
Пашпарт новай Беларусі быў прадстаўлены 6 жніўня на канферэнцыі дэмакратычных сіл у Варшаве.
Пакуль што плануецца, што такія пашпарты будуць выдаваць тым беларусам, якія вымушана з'ехалі з краіны, а ў іх існуючых пашпартоў скончыўся тэрмін дзеяння. Таксама шмат хто з беларусаў замежжа лічыць непрымальным карыстацца пашпартам з сімваламі рэжыму і краіны-суагрэсара.
Бліжэйшым часам будзе весціся праца, каб міжнародная супольнасць прызнала гэтыя пашпарты на ўзроўні пашпартоў Рэспублікі Беларусь, выдадзеных рэжымам. Але не выключана, што пасля аднаўлення дэмакратыі ў Беларусі такія пашпарты стануць дзейснымі для ўсіх грамадзян нашай краіны, калі большасць за іх прагаласуе.
Праца над праектам новага пашпарта вялася Геральдычнай радай. Узор новага пашпарта таксама адпавядае міжнародным стандартам. Дасягнута паразуменне з Еўрапейскай камісіяй на шляху прызнання новага пашпарта.
Альтэрнатыўны пашпарт, паводле задумы, мусіць пацвярджаць беларускае грамадзянства, з ім таксама можна будзе падарожнічаць. Аднак дазвол на ўезд ці пражыванне ў той ці іншай краіне ўсё адно трэба будзе атрымліваць. Але з альтэрнатыўным пашпартам можна будзе адкрываць рахунак у банку, набываць і рэгістраваць тэлефонную сім-карту.
Наступным крокам будзе праца з нацыянальнымі ўрадамі ўсіх краін ЕС па прызнанні новых пашпартоў, а таксама з іншымі краінамі свету.
Вокладка пашпарта будзе выканана ў чырвона-срэбных колерах з выявай Пагоні, надпісы будуць зроблены па-беларуску кірыліцай і лацінкай, а на кожнай візавай старонцы будуць выяўлены архітэктурныя перліны нашай краіны.
Магчыма, ужо напрыканцы гэтага года з'віцца фізічны (папяровы) варыянт новага пашпарта. Пры выдачы такіх пашпартоў па-за межамі Беларусі будуць выконвацца ўсе міжнародныя стандарты, у тым ліку па захаванні асабістых даных.