«Мы нічога супрацьпраўнага ніколі не рабілі». КДБ затрымаў праграміста ў межах «тэрарыстычнай справы»
Мінскі праграміст Антон Пажытных быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ 7 ліпеня і на 72 гадзіны змешчаны ў ІЧУ на Акрэсціна. Але пасля трох сутак ён не выйшаў на свабоду, і яго цяперашняга статусу сваякі не ведаюць.
Пра абставіны затрымання Антона Пажытных распавяла «Белсату» яго жонка Дар’я.
«У мінулую сераду мы былі ў краме, а на выхадзе з яе нас каля машыны чакалі супрацоўнікі КДБ, — распавядае Дар'я. — Сказалі мужу, што маюць пастанову на ператрус нашай кватэры. У пастанове гаворка ішла пра тое, што ёсць падазрэнне, што ў нашай кватэры можа быць нешта, звязанае з крымінальнай справай аб «актах тэрарызму» (арт. 16 і 289 КК).
Яны правялі ператрус, а ўвечары мужа забралі — нібыта на
размову ў КДБ. То-бок гэта не допыт быў, адваката не выклікалі. Калі Антон
з’язджаў, ён яшчэ не меў ніякага працэсуальнага статусу. Ужо пасля 23-й гадзіны
муж патэлефанаваў і сказаў, што яго ўсё ж затрымліваюць на трое сутак, бо
падазраюць у «акце тэрарызму».
Дар’я мяркуе, што ў чацвер і пятніцу ніякіх следчых дзеянняў
не было, бо адваката, з якім мае дамову Антон, не выклікалі. «Усю суботу мы
чакалі, што Антон выйдзе на свабоду. У ІЧУ казалі, што ён у іх, але калі яго
вызваляць, яны не ведаюць. Ён так і не выйшаў. Мы з’ехалі з Акрэсціна толькі на
пачатку першай гадзіны ночы ў нядзелю», — распавядае Дар’я.
Больш ніякай інфармацыі пра мужа Дар’я не мае. Невядомы ні
яго статус на цяперашні час, ні дакладнае месцазнаходжанне. Хоць, імаверна,
Антон застаецца ў ІЧУ, мяркуе жанчына.
«Адвакат накіраваў апавяшчэнне ў КДБ, у Следчы камітэт, у
суды — на выпадак, калі яго будуць судзіць у межах адміністрацыйнай справы. Але
пакуль нічога высветліць не ўдалося», — тлумачыць Дар’я.
Антону Пажытных 34 гады. Ён працуе праграмістам на рэкламнай
пляцоўцы. У Антона і Дар’і чацвёра дзяцей (малодшаму 5 гадоў, старэйшай — 13),
жывуць яны ва Уруччы. Раней Антона ніколі не затрымлівалі і не прыцягвалі да
адміністрацыйнай адказнасці. Дар’ю сёлета судзілі паводле арт. 24.23 КаАП і аштрафавалі
на 100 базавых велічынь.
Дар’я распавядае, што падчас ператрусу КДБшнікі шукалі
падпіскі на тэлеграм-каналы.
«Першае, што яны глядзелі, — гэта боты. Ці скідвалі мы
камусьці штосьці. Але нічога не было. Яны шукалі канал "Атрады грамадзянскай
самаабароны" — гэтага таксама не было. На маім тэлефоне доўга шукалі, як яны
сказалі, "радыкальныя чаты": "Уручча 97", "Кіроўцы 97" ды інш. Але нічога ў Тэлеграме яны не знайшлі наогул. Забралі камп’ютары, флэшкі, але мой тэлефон і
тэлефоны дзяцей пакінулі», — адзначае яна.
Падазрэнні ў «тэрарызме» Дарʼя лічыць абсурднымі і
беспадстаўнымі. «Мы нічога супрацьпраўнага ніколі не рабілі, і дома нічога ў
нас не было. Вядома, гэта абсурд», — падкрэслівае яна.
2 ліпеня Аляксандр Лукашэнка абвясціў, што спецслужбамі нібыта
былі выкрытыя «спячыя тэрарыстычныя ячэйкі», мэтай якіх была «гвалтоўная змена
ўлады ў дзень Ікс». У прыватнасці, ён згадаў Telegram-канал «Атрады
грамадзянскай самаабароны Беларусі». Лукашэнка абвінаваціў Літву, Польшчу, ЗША,
Украіну і Германію ў каардынацыі гэтых «ячэек».
8 ліпеня КДБ заявіў, што ў Беларусі ладзіцца «шырокамаштабная аперацыя для зачысткі ад радыкальна настроеных асоб». Чэкісты заявілі, што, у прыватнасці, гаворка ідзе пра ўдзельнікаў суполак «Атрады грамадзянскай самаабароны Беларусі» і «Буслы ляцяць». 12 ліпеня дзяржаўны тэлеканал АНТ паведаміў, што «ўсе фігуранты тэрарыстычных ячэек затрыманыя».
Улады не прывялі аніякіх рэальных доказаў існавання «тэрарыстычных ячэек» і тым больш датычнасці да іх дзейнасці заходніх спецслужб. Стварэнне «тэрарыстычнай справы» выглядае як чарговы віток самых масавых у найноўшай гісторыі Беларусі палітычных рэпрэсій. Следчы камітэт заяўляе, што са жніўня завялі больш як 2400 крымінальных спраў, звязаных з пратэстамі, а Генеральная пракуратура сцвярджае, што за гэты перыяд было зарэгістравана больш за 3000 такіх «злачынстваў». На 13 ліпеня 548 асобы прызнаныя палітычнымі вязнямі. Дакладная колькасць палітычна матываваных крымінальных спраў застаецца невядомай.