МУС паведаміла пра 523 учорашнія затрыманні і не назвала колькасць удзельнікаў Маршу ў сталіцы

Міністэрства ўнутраных спраў надрукавала традыцыйны прэс-рэліз аб чарговых нядзельных акцыях пратэсту. У ім гаворыцца пра паўтысячы арыштаваных. За кратамі застаюцца 352.

img_2185_logo_1.jpg

«Учора, 25 кастрычніка, у розных населеных пунктах краіны зафіксавана 19 пратэстных акцый, — піша прэс-сакратар МУС Вольга Чамаданава. — МУС прыняты неабходныя меры па падтрыманню парадку і забеспячэнню грамадскай бяспекі іх правядзення.

Агулам учора за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах затрымана 523 чалавекі (з іх у Менску – 160). Да разгляду ў судзе спраў па адміністрацыйных правапарушэннях у месцы ўтрымання затрыманых змешчаны 352 асобы».

Адметна, што раней МУС старалася ацэньваць колькасць удзельнікаў пратэстаў. Аднак гэтым разам лічбаў Міністэрства не дало. Па ацэнках незалежных выданняў, учора ў Мінску ў Маршы ўдзельнічала каля 200 тысяч чалавек.