Мітрапаліт абяцае вучыць мову і апраўдваецца за «чарнобыльскі кранік»
Напярэдадні свята Божага Нараджэння ў Мінск прыедзе новы кіраўнік Беларускай Праваслаўнай Царквы, мітрапаліт Разанскі і Міхайлаўскі Павел.
У нядзелю ён правёў апошнюю службу ў Разані. Уладыка Павел — рускі, нарадзіўся ў Казахстане, куды саслалі яго бацькоў, шмат гадоў прапрацаваў на Захадзе, апошнія дзесяць з паловай гадоў служыў у Разані. Напярэдадні прыезду ў Мінск ён даў інтэрвію «Комсомольской правде в Беларусі».
«Я не ведаю, што мяне будзе чакаць у Беларусі»
— Для нас вялікай навіной было ваша прызначэнне 25 снежня. Для вас таксама?
— Вядома, былі намёкі. Свяцейшы Патрыярх (Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл) чалавек дыпламатычны, можа свае здагадкі не выказваць, але нейкія сустрэчы арганізоўваць. Нібыта для мяне
выпадковыя, а для яго не. Думаю, буду яшчэ перамотваць стужку свайго жыцця апошніх месяцаў, апошніх гадоў. Можа быць, знайду кропку, з якой ён пачаў мяне правяраць. Усё роўна да апошняга, да 25-га
чысла, спадзяваўся, што нават калі і адбудзецца гэта прызначэнне, то, можа, у будучыні, а не цяпер.
— Цяжка з'яжджаць з Разані?
— Шчыра сказаць, з сумам еду. Я не ведаю, што мяне будзе чакаць у Беларусі. Свяцейшы мне казаў: «Выдатны народ, выдатная краіна. Уладыка, вы ніколькі шкадаваць не
будзеце». Я яму кажу: «Свяцейшы, я так прырос да Разані. Мне так падабаецца народ тут, я палюбіў гэта месца, палюбіў народ гэты». Ён кажа: «Уладыка, вы яшчэ
палюбіце Беларусь. Гэта выдатная краіна. Вы ведаеце?» — «Ды не, не ведаю. Я ўсяго два разы быў. Адзін раз у 1988 годзе, і другі раз сёлета некалькі дзён быў на канферэнцыі
толькі ў Мінску». Ён кажа: «Вы даведаецеся яе і палюбіце. Паверце мне».
— Дык чаму сумуеце?
— Для таго, каб зразумець гэтую думку, трэба засвоіць адно паняцце — любоў. Усе гэтыя дні было шмат званкоў-віншаванняў. Тэлефанавалі мае былыя парафіяне з Ерусаліму, з
Нью-Ёрку, Аўстрыі, Будапешту, з Пячораў Пскоўскіх. Вы ведаеце, мне адусюль было цяжка і сумна з'яжджаць! Я прыкіпеў да гэтых людзей. Але гэта не значыць, што ідзе адрынанне Беларусі —
не, сябры мае. Наша хрысціянская любоў валодае гэтай якасцю: сэрца можа змясьціць не толькі аднаго чалавека, не толькі адну паству, а ўсіх людзей. Я еду з надзеяй, як казаў наш Свяцейшы, што ў
Беларусі сапраўды выдатныя людзі. Калі мы навучымся ў кожным чалавеку бачыць вобраз Божы, мы зможам палюбіць ўсіх. Я еду з такім настроем. І ў надзеі, што сапраўды палюблю і аддам усе свае веды,
любоў, сілы і здароўе.
«Уладыку Філарэта адрознівае неверагодная вытрымка і такт»
— Вы будзеце мець зносіны з мітрапалітам Філарэтам у Мінску?
— Думаю, так. Ён вельмі паважаны чалавек — сапраўдны добры пастыр. Таму яго і народ любіць, і пастыры. Мне, вядома, будзе пасля яго цяжкавата. Буду спадзявацца на паблажлівасць
вашу і народу. Пад яго кіраўніцтвам я нёс послух у Ерусаліме, калі ён быў старшынём аддзелу зьнешнецаркоўных сувязяў, вельмі часта з ім меў зносіны. Для мяне гэта самы аўтарытэтны чалавек. Я яго
вельмі паважаю і люблю. У параўнанні з ім я неспрактыкаваны чалавек, непісьменны і малады. А ён сапраўды масціты архіпастыр. Будзем спадзявацца на ласку вернікаў, на іх паблажлівасць. Што яны
патрываюць мае немач і слабасць. Патрываюць і памоляцца.
— Пры Уладыку Філарэце службы ў Беларусі пачалі весьці на беларускай мове. Вы будзеце вучыць мову?
— Наколькі ўдасца, вядома. Там, дзе я нёс царкоўны послух, трэба было вучыць мовы. Трэба было і ангельскую вучыць, каб мець зносіны з людзьмі. Вядома, паспрабую, наколькі змагу. Буду
старацца. Наколькі гэта будзе магчыма.
«У мяне няма нянавісці ні да камуністаў, ні да каго-небудзь іншага»
— Ці бачылі рэакцыю на ваша прызначэнне ў нашай краіне?
— Трохі. Мяне ўжо называюць кансерватарам, кажуць, што я ненавіджу Захад і камуністаў. Вядома, з аднаго боку, я смяюся, кажу, дзякуй за камплімент, за тое, што мяне назвалі
кансерватарам. У нас у царкве кансерватар — гэта не адмоўны герой, а станоўчы. Лічыцца вельмі нават выдатна, калі чалавек умее захаваць добрае. А што тычыцца нянавісці — дарэмна.
Таму што я імкнуся не мець нянавісці да людзей. Трэба не людзей судзіць, а грэх і заганы. Вось заганы мы павінны асуджаць, але ні ў якім разе не чалавека. У мяне няма нянавісці ні да камуністаў, ні
да каго-небудзь іншага. Я ведаю шмат прыстойных і добрых людзей — і камуністаў, і лібералаў, і дэмакратаў. Ведаю і дрэнных праваслаўных хрысціян. Усюды ёсць розныя людзі.
— Пра вас пакуль судзяць па аднаму відэа з інтэрнэту, у якім вы пагражаеце Захаду адкрыццём «чарнобыльскага краніка». Што вы мелі на ўвазе?
— Вырвалі з кантэксту мой выступ, і ён гучыць неяк трошкі дзікавата. Гаворка ішла пра тое, што з Расіяй нельга гаварыць з пазіцыі сілы, навязваць тое, чаго мы не хочам.
kp.by