Суд Цэнтральнага раёна Мінска пакінуў пад вартай журналістку TUT.BY Кацярыну Барысевіч

Суддзя суда Цэнтральнага раёна Мінска Акавітая разгледзела пазоў зняволенай журналісткі TUT.BY Кацярыны Барысевіч на змяненне меры стрымання. Пазоў падаў адвакат зняволенай журналісткі Бандарчук.

feature_smart_eng.jpg


Кацярыну Барысевіч пакінулі пад вартай, суддзя Таццяна Акавітая не задаволіла скаргу адваката журналісткі. Пасяджэнне прайшло ў закрытым рэжыме, перадае Радыё Свабода.

Кацярына Барысевіч знаходзіцца ў следчым ізалятары ў межах крымінальнай справы аб разгалошванні лекарскай таямніцы аб стане забітага актывіста Рамана Бандарэнкі.

Барысевіч была аўтаркай артыкулу, у якім са спасылкай на вынікі экспертызы паведамлялася, што ў крыві Рамана не было алкаголю. Гэтыя звесткі супярэчылі з заявай Лукашэнкі, што Бандарэнка быў нібыта п’яны.

Другі фігурант справы — лекар-анестэзіёлаг Арцём Сарокін. Крымінальная справа па факце забойства Рамана Бандарэнкі дагэтуль не заведзеная.

Супрацоўніцу парталу TUT.BY Кацярыну Барысевіч затрымалі 19 лістапада ў сувязі з крымінальнай справай аб нібыта раскрыцці медычнай таямніцы. Яна была аўтаркай артыкула, дзе прыводзілася сьведчанне лекара аб адсутнасці алкаголю ў крыві збітага да смерці Рамана Бандарэнкі, што супярэчыла заявам Лукашэнкі і іншых уладаў.

Па крымінальнай справе таксама былі зняволеныя журналісткі тэлеканалу «Белсат» Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова, якія вялі жывы рэпартаж з разбурэння мемарыялу Рамана Бандарэнкі і разгону мітынгу яго памяці ў двары дому, дзе ён жыў. Беларускія праваабаронцы прызналі зняволеных журналістаў палітвязнямі.