Мінчанка адсудзіла грошы за суткі, незаконна адбытыя на Акрэсціна

Суд Цэнтральнага раёна Мінска часткова задаволіў пазоў мінчанкі Таццяны да натарыуса і Гарадскога ўпраўлення ўнутраных спраў Мінска, піша «Радыё Свабода».

Ізалятар на Акрэсціна. Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ізалятар на Акрэсціна. Фота Дзмітрыя Дзмітрыева


«Маленькая, але перамога над установай, якая не любіць прайграваць грамадзянам, бо лічыць, што заўсёды мае рацыю», — кажа Таццяна пра рашэнне суда.
Яшчэ ў канцы мінулага года ГУУС спрабаваў спагнаць з Таццяны 13 рублёў 50 капеек за дзень харчавання ў ЦІП (Цэнтар ізаляцыі правапарушальнікаў. — РС) на Акрэсціна, але яна пра гэта не ведала. Каб спагнаць з яе грошы прымусова, Упраўленне гарадской міліцыі ініцыявала працэдуру судовага выканання, якая абышлася б жанчыне яшчэ ў 43 рублі 50 капеек. Гэта пяціадсоткавы тарыф за натарыяльны подпіс і плата за тэхнічнае выкананне гэтага подпісу. Пра тое, што яна нібыта вінная 57 рублёў, Таццяна даведалася толькі ў сакавіку і абурылася.

«Рашэнне суда, паводле якога мяне адправілі на Акрэсціна, было вышэйшым судом адмененае. Атрымліваецца, што „на сутках“ я сядзела незаконна. Дык за якое яшчэ харчаванне трэба заплаціць?» — Таццяна падрабязна расказала, як змагалася за справядлівасць і дамаглася яе ў беларускім судзе.

«Ішла на рынак, а трапіла на Акрэсціна»


«У верасні мяне затрымалі каля Камароўскага рынка, дзе ў той дзень праходзіла акцыя, здаецца, жаночы марш. Ішла на рынак, а трапіла пад хапун АМАПа. Праз два дні суд даў мне 9 сутак арышту, з якіх я паспела адбыць 6 дзён: два дні на Акрэсціна ў ІЧУ, адзін — у ЦІПе, і тры — у СІЗА Жодзіна. Адтуль мяне вызвалілі датэрмінова, бо ў гэты час Мінскі гарадскі суд аператыўна разгледзеў маю скаргу і змяніў пакаранне з арышту на папярэджанне. Бо ў мяне трохгадовая дачка, а такіх маці нельга арыштоўваць паводле адміністрацыйнага артыкула. Здаецца, раз „суткі“ адмянілі, то якая за іх можа быць аплата? Але дарэмна я так меркавала, калі выходзіла на волю», — кажа Тацяна.
Яна згадвае, што з Жодзіна вызвалялася зусім без дакументаў, якія выдаюць па адбыцці пакарання.
«Іх проста не выдалі, у тым ліку адабралі рахунак з ЦІПа на Акрэсціна на 13 рублёў 50 капеек за суткі харчавання», — кажа Таццяна.
На ўсялякі выпадак праз два месяцы Таццяна ўсё ж вырашыла праверыць, ці значыцца за ёй якая запазычанасць як правапарушальніцы. «Залезла ў сістэму электронных плацяжоў АРІП і пераканалася, што там за мной нічога — нуль. Тады я канчаткова супакоілася. Але дарэмна».
Мінула яшчэ больш за 2 месяцы — і жанчыну праінфармавалі, што адносна яе распачатая працэдура прымусовага спагнання. Што міліцыя хоча спагнаць з яе тыя самыя 13 рублёў 50 капеек, якія ёй выстаўляў ЦІП на Акрэсціна за адны суткі адседкі. А каб тыя грошы з яе атрымаць, будзе патрачана яшчэ 43 рублі 50 капеек на карысць натарыуса за ўчыненне натарыяльнага подпісу, без якога немагчыма прымусовае спагнанне. Таксама з яе кішэні.


«З натарыусам дасягнулі паразумення»

Таццяна палічыла, што закон на яе баку, і вырашыла судзіцца.

«Спачатку падала ў суд на натарыуса, якая ўчыніла той подпіс, што распачаў супраць мяне вытворчасць аб спагнанні. Але ў судзе высветлілася, што віна не натарыуса, а міліцыянтаў. Нехта з іх элементарна паленаваўся зазірнуць у дакументы, каб праверыць, ці не адмененая першая пастанова аб маім арышце. У выніку пазоў я скарэктавала, пашырыла яго і на Гарадское ўпраўленне міліцыі і ў гэтай частцы выйграла. А з натарыусам у мяне паразуменне, цяпер да яе прэтэнзій няма», — кажа Таццяна.Жанчына прызналася: сяброўкі дзівяцца яе смеласці і настойлівасці. Вакол столькі прыкладаў адваротных вынікаў судовага змагання з дзяржавай.
Таццяна паводле прафесіі юрыстка, працуе юрысконсультам. Да таго ж, як яна сцвярджае, перш чым самой сутыкнуцца з гэтай праблемай, раней ужо разбіралася ў падобных прававых калізіях.

«Яшчэ ў канцы года да мяне звярнулася знаёмая прыкладна з такой жа гісторыяй: таксама суткі на Акрэсціна, потым рахунак за харчаванне, тарыф за натарыяльны подпіс і паслугі натарыуса на тыя ж 43 рублі 50 капеек. Я ўсё вывучыла, кажу, можна судзіцца, шанец ёсць. Але ў выніку судзіцца знаёмая не стала, пабаялася, што будзе сабе даражэй, і ўсё, як патрабавалі, сплаціла. Але тое было яўна насуперак закону, і калі я сама аказалася ў падобным становішчы, то вырашыла, што не адступлю».

«За свае хібы давядзецца несці адказнасць»

Рашэнне, якое прыняла адносна пазову Таццяны суддзя Цэнтральнага раённага суда Мінска Т. Скапец, яшчэ не ўступіла ў законную сілу. У Гарадскога ўпраўлення міліцыі ёсць 15 дзён на абскарджванне пастановы. Але Таццяна перакананая, што абскарджвання не будзе, бо «справа відавочная». Таму яна разлічвае, што 57 рублёў, якія з яе спрабавалі спагнаць, застануцца ў яе. І ў гэтым бачыць паказальны ўрок для грамадства. А для міліцыі лічыць карысным тое, што судовую пошліну, якую яна сплаціла, каб пачаўся працэс, Гарадское ўпраўленне міліцыі ёй мусіць кампенсаваць. Гэта дзве базавыя велічыні, альбо 58 рублёў.
«Праўда, хутчэй за ўсё, не даведаюся, з каго возьмуць гэтыя грошы. Могуць проста пералічыць са свайго рахунка, а могуць спагнаць з пэўнага міліцыянта, які вінаваты. Альбо даць яму вымову ці іншыя спагнанні. Добра б было пра гэта даведацца, каб мець прыклад, што за свае хібы давядзецца несці адказнасць», — кажа Таццяна.