Мінчанін вывесіў на акне бел-чырвона-белы сцяг. Яго будуць судзіць за пікетаванне
У жніўні на акне кватэры мінаніна Сямёна Анфілеца з'явіўся бел-чырвона-белы сцяг. У верасні да яго на кватэру з'явіўся ўчастковы інспектар — пацікавіцца наконт "незарэгістраванай сімволікі". 1 кастрычніка з Сямёнам зноў звязалася міліцыя, паведаляе TUT.BY.
Сямёна запрасілі азнаёміцца і падпісаць пратакол аб адміністрацыйным
правапарушэнні. Аказалася, вывесіўшы сцяг у акне кватэры, мінчанін
прыняў удзел у несанкцыянаваным пікетаванні.
Сямён Анфілец жыве на праспекце Ракасоўскага ў Мінску. Прыкладна 10 жніўня, успамінае суразмоўца, на акне яго кватэры з'явіўся бел-чырвона-белы сцяг.
Больш за месяц да сцяга ніхто не выяўляў увагі, але каля тыдня назад да мінчаніна прыйшоў участковы міліцыянт.
— Ён сказаў, што нібыта хтосьці выклікаў на мяне міліцыю са скаргай, што на акне вісіць сцяг. Хоць не ведаю, як чалавек з вуліцы даведаўся маю кватэру. Я пацікавіўся, хто выклікаў. «Усё роўна, людзі выклікалі». Участковы сказаў, што мяне трэба апытаць. Я паведаміў яму, што сцяг вісіць прыкладна з 10 жніўня, ён выказвае маю грамадзянскую пазіцыю. Участковы запісаў гэта і пайшоў. А ўчора ён патэлефанаваў і папрасіў прыйсці ў РУУС. Паказаў мне пратакол.
У пратаколе пазначана, што 29 га верасня (дата на копіі пратакола выглядае неразборліва. — Заўвага. TUT.BY) у 19.31 у кватэры па праспекце Ракасоўскага Анфілец С. В. «парушыў усталяваны парадак правядзення масавага мерапрыемства, што выявілася ў прыняцці ім узелу ў несанкцыянаваным пікетаванні без адпаведнага дазволу Мінгарвыканкама, падчас якога, публічна выказваючы свой пратэст па факце правядзення сумленных выбараў, вывесіў на акне кватэры бел-чырвона-белы сцяг».
Такім чынам, лічыць міліцыя, мінчанін здзейсніў правапарушэнне, за якое прадугледжана адказнасць па ч. 1 арт. 23.34 КаАП «Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў».
Пратакол складзены 30 верасня. На наступны дзень Сямён азнаёміўся і падпісаў яго, паказаўшы, што з ім не згодны, «у пікетаванні не ўдзельнічаў».
— Ці можна лічыць пікетаваннем сцяг, які вісіць у кватэры? Магчыма, тое, што я сказаў пра сваю грамадзянскую пазіцыю, палічылі парушэннем закона аб масавых мерапрыемствах.
Адкуль у пратаколе ўзяліся названыя дата і час, Сямён не ведае: сцяг на яго акне з'явіўся значна раней, участковы прыходзіў да яго не ў гэты дзень.
Са слоў участковага міліцыянта, мінчаніна чакае суд. Позва або СМС-апавяшчэнне павінны прыйсці ў бліжэйшы час.
У Законе «Аб масавых мерапрыемствах» ад 30 снежня 1997 года пікетаванне вызначаецца як «публічнае выказванне грамадзянінам ці групай грамадзян грамадска-палітычных, групавых, асабістых і іншых інтарэсаў або пратэсту (без шэсця), у тым ліку шляхам галадоўкі, па якіх-небудзь праблемах з выкарыстаннем ці без выкарыстання плакатаў, транспарантаў і іншых сродкаў. Да пікетавання прыраўноўваецца сумесная масавая прысутнасць грамадзян у загадзя вызначаным грамадскім месцы (у тым ліку пад адкрытым небам) у вызначаны час для здзяйснення загадзя вызначанага дзеяння, арганізаванае (у тым ліку праз глабальную кампутарную сетку Інтэрнэт або іншыя інфармацыйныя сеткі) для публічнага выказвання сваіх грамадска- палітычных інтарэсаў ці пратэсту».