Мікола Дзядок: У ПКТ Жамчужнаму спакойней…
З 10 красавіка палітвязень Міхаіл Жамчужны знаходзіцца ў Памяшканні камернага тыпу Горацкай калоніі. Адміністрацыя ўстановы вынесла яму чарговае спагнанне ў выглядзе 2 месяцаў змяшчэння ў ПКТ.
“У сітуацыі з Жамчужным ПКТ для яго ў любым выпадку лепей, чым ШІЗА”, — распавёў былы палітычны зняволены Мікола Дзядок сайту palitviazni.info.
Нагадаем, што праблемы ў палітвязня Міхаіла Жамчужнага пачаліся пасля пераводу ў Горацкую калонію №9, дзе з патурання адміністрацыі для яго былі створаныя зневажальныя ўмовы для адбыцця пакарання і арганізавана кампанія траўлі, звязаная з ўсталяваннем у асяроддзі зняволеных нефармальных адносін.
“У ПКТ змяшчаюцца за так званае сур’ёзнае парушэнне рэжыму, але, натуральна, межы “сур’ёзнасці” вызначаюцца самой адміністрацыяй калоніі, — распавядае Мікола Дзядок. — Для таго, каб змясцілі ў ПКТ, трэба як мінімум адзін раз пабываць у ШІЗА”.
Сам Мікола Дзядок адбыў у ПКТ дзесьці каля 8 месяцаў.
“ПКТ — гэта практычна тая ж камера, што і штрафны ізалятар, але з той розніцай, што ў Памяшканні камернага тыпу ёсць электрычная разетка і там трохі мякчэйшы рэжым, — працягвае суразмоўца. — Напрыклад, у ШІЗА не выдаюцца пасцельныя прыналежнасці альбо матрац на ноч, там увогуле нельга мець асабістых рэчаў. У ПКТ выдаецца матрац, можна атрымліваць кніжкі, газеты, лісты, раз на дзень зняволены на паўгадзіны выходзіць на прагулку і ёсць “атаварка” ў мясцовай краме. І звычайна там сядзяць па аднаму. А палітычныя — амаль заўсёды па аднаму. То бок, у ПКТ нашмат лягчэй”.
Мікола Дзядок лічыць, што ў сітуацыі з Жамчужным ПКТ для яго ў любым выпадку лепей, чым ШІЗА альбо чым адбыццё пакарання ў лагеры, дзе супраць яго чыняцца няспынныя правакацыі.
“У ПКТ у гэтым плане спакойней, але не будзем забываць, што адтуль таксама можна трапіць у ШІЗА, — дадае ён. — І ў гэтым выпадку тэрмін адбыцця пакарання ў ПКТ перарываецца, пакуль ты знаходзішся ў штрафным ізалятары”.