Мікалай Статкевіч распавёў, як яго катуюць гукам

На рэальны дыялог з апазіцыяй Лукашэнка пойдзе толькі тады, калі яго будзе позна ратаваць ад народа, — лічыць Мікалай Статкевіч. «Deutsche Welle» змагла атрымаць адказы на свае пытанні ад беларускага апазіцыянера, які цяпер знаходзіцца ў турме ў Жодзіне. Палітык паведаміў пра ціск на яго і распавёў пра сваё бачанне будучыні Беларусі.

Мікалай Статкевіч падчас судовага працэсу

Мікалай Статкевіч падчас судовага працэсу

Беларускаму апазіцыйнаму палітыку і палітвязню Мікалаю Статкевічу ўдалося перадаць некалькі адказаў на пытанні «Deutsche Welle». Статкевіч ужо больш за дзесяць месяцаў знаходзіцца ў турме №8 у горадзе Жодзіна.

11 сакавіка стала вядома, што Следчы камітэт (СК) завяршыў расследаванне справы «ў дачыненні да Сяргея Ціханоўскага, Мікалая Статкевіча і набліжаных да іх асоб», аднак якія канкрэтна абвінавачанні прад'яўленыя Статкевічу, не паведамлялася.

Жонка палітыка Марына Адамовіч мяркуе, што яму перакваліфікавалі абвінавачанне — цяпер Статкевічу інкрымінуюць парушэнне ч. 1 арі. 293 КК «Арганізацыя масавых беспарадкаў», хоць раней ён праходзіў па 2 частцы гэтага ж артыкула — «Удзел у масавых беспарадках».


У перададзеных адказах Мікалай Статкевіч падзяліўся з DW сваім стаўленнем да яго крымінальнай справы, распавёў пра ціск на яго ў турме і даў ацэнку падзеям, якія адбываюцца ў Беларусі.

У турме на Статкевіча спрабуюць ціснуць

Абвінавачванні, якія ўлады прад'явілі Мікалаю Статкевічу, сам ён лаканічна называе «трызненнем». На пытанне пра самаадчуванне ў турме апазіцыянер адказаў, што «дыктатар не дачакаецца», аднак паведаміў пра спробы ціску: «У чэрвені 2020 года, яшчэ падчас адміністрацыйнага арышту, выкарыстоўваліся такія метады: пазбаўлялі сну, па 5–7 разоў за ноч забягалі ў камеру і стукалі дубінкамі па метале; не вадзілі ў душ, пазбаўлялі перадачы, прагулак, чытання. Былі і сілавыя сутыкненні».

Цяпер, паводле слоў Статкевіча, супраць яго ў турме ў асноўным выкарыстоўваюць гучны гук. «З рэпрадуктара круцяць запісы інтэрв'ю Лукашэнкі, пакаянні зняволеных, службовыя інструкцыі. Сіла гуку такая, што нават тэлевізару на максімальнай гучнасці не чуваць. Такое адбываецца толькі ў маёй камеры. Часам круцяць усю ноч, памяншаючы гучнасць, каб не перашкаджаць асуджаным у іншых камерах», — распавёў апазіцыянер. І дадаў, што змог адаптавацца да такіх умоў, зрабіў сабе берушы з губкі для мыцця посуду.

Статкевіч: Беларусы не перамаглі, таму што Крэмль падтрымлівае Лукашэнку

Палітычнай дзейнасцю Мікалай Статкевіч займаецца ўжо даўно. У мінулым ён узначальваў адну з апазіцыйных партый. У 2010 годзе балатаваўся ў прэзідэнты Беларусі, а пасля жорсткага разгону ўдзельнікаў акцыі пратэсту ў цэнтры Мінска ў снежні таго ж года быў арыштаваны і неўзабаве асуджаны на шэсць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, адбыў з якіх больш за чатыры.

Сённяшняя сітуацыя ў Беларусі, на думку Статкевіча, істотна адрозніваецца ад падзей 2010 года. «Цяпер беларускі народ ведае пра тое, што ён за перамены, за змену ўлады, людзі хочуць свабоды. Беларусы пераканаліся ў тым, што з сябе ўяўляе ўлада. Не думаю, што нелегітымны ў нашых і сусветнай супольнасці вачах, эканамічна не самадастатковы рэжым зможа захаваць кантроль на працягу доўгага часу», — адзначыў Статкевіч у інтэрв'ю DW.

Святлану Ціханоўскую ён называе «абраным прэзідэнтам, якому не далі заняць сваё месца», аднак ацэньваць бягучыя дзеянні дэмакратычных сіл, знаходзячыся ў турме, апазіцыянеру цяжка. «На рэальны дыялог (з апазіцыяй) Аляксандр Лукашэнка пойдзе толькі тады, калі яго будзе позна ратаваць ад народа», — лічыць Статкевіч. На яго думку, беларусы дагэтуль не перамаглі Лукашэнку толькі таму, што ў таго ёсць падтрымка Крамля.

Гаворачы аб развіцці палітычнага крызісу ў Беларусі, Статкевіч прагназуе ўзмацненне ціску на грамадства, павольную дэградацыю эканомікі і непазбежныя перамены: «Але ў цэлым наш народ чакае выдатная будучыня, бо мы яе заслужылі». Беларусам, якія працягваюць барацьбу, Мікалай Статкевіч пажадаў «годнасці і волі».

Пераклад НЧ