«Аніводны нармальны чалавек такога не вытрымае», — сяброўка пра Аляксандру Патрасаеву
Сёння ў судзе Маскоўскага раёна Мінска працягнецца разгляд крымінальнай справы супраць палітзняволенай Аляксандры Патрасаевай, ёй пагражае пазбаўленне волі на тэрмін ад 3 да 8 гадоў.
Гэта ўжо чацвёртае пасяджэнне. 21-гадовую Аляксандру Патрасаеву абвінавачваюць у актыўным удзеле ў масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293 КК). Ёй пагражае пазбаўленне волі на тэрмін ад 3 да 8 гадоў.
Справу вядзе суддзя Вольга Малашэнка, бок абвінавачання прадстаўляў памочнік пракурора Маскоўскага раёна Фёдар Сініцкі. Аляксандра віны не прызнае.
«Белсат» паразмаўляў з Маргарытай, сяброўкай палітзняволенай, якая наведвае кожнае пасяджэнне. Дзяўчына кажа, што на суды збольшага ходзяць неабыякавыя людзі, якія даведаліся пра справу з інтэрнету, затое старых знаёмых Аляксандры бачыць не часта.
«Мы трымаем з імі сувязь, але старыя знаёмыя на Сашавы суды не ходзяць. У кожнага свае прычыны. Яе прыходзілі падтрымліваць калегі. Характарыстыку з працы напісалі добрую, яна любіла сваю працу».
Маргарыта пазнаёмілася з Аляксандрай у 2017 годзе. Яшчэ да выбараў яны разам жылі ў адной кватэры з цёткай Маргарыты, аднак пасварыліся, і Маргарыта выехала, а Аляксандра засталася. Менавіта там Аляксандру і затрымалі 14 кастрычніка. Сяброўка не называе Аляксандру актывісткай і не ведае, ці галасавала яна на выбарах 9 жніўня і што падштурхнула яе паехаць 10 жніўня да ўніверсама «Рыга» дапамагаць параненым. Пра палітыку дзяўчаты не размаўлялі.
Аляксандру Патрасаеву затрымалі ў ноч з 10 на 11 жніўня на Інстытуце культуры. Дзяўчына ў той вечар дапамагала пацярпелым ад дзеянняў сілавікоў у раёне ўніверсама «Рыга». Тры дні яе трымалі ў ізалятары на Акрэсціна. Распавядала пра катаванні: збіццё, знявагі, абразы, пагрозы згвалтаваць. Паводле Аляксандры, яе прымушалі распранацца, уставаць на расцяжку, яе збівала жанчына. З Акрэсціна яна выйшла з перабітымі нагамі і парванымі звязкамі. Ёй накладвалі гіпс.
«Падзеяў 10 жніўня з Аляксандрай мы не абмяркоўвалі, у той дзень не сазвоньваліся. Яна ўжо адседзела паўгода ні за што. Гэта вельмі б’е па псіхіцы. Ніякіх намераў негатыўных яна не мела. Яна проста дапамагала. Не думаю, што яна шкадавала, што пайшла дапамагаць».
Маргарыта апісвае Аляксандру як далікатную, творчую асобу. Дзяўчына любіць маляваць, піша карціны. Вучылася ў каледжы на фатографа, але забрала дакументы праз канфлікты з адміністрацыяй. Маргарыта тлумачыць гэта тым, што Аляксандра не заўсёды вярталася ў інтэрнат своечасова.
Аляксандра распавядала Маргарыце і пра пагрозы гвалту, і пра кепскія ўмовы на Акрэсціна.
«Саша распавядала, што яе пагражалі вывезці ў лес і "пусціць па коле". У ізалятары з імі ў камеры была наглядчыца, яна вельмі кепска ставілася да дзяўчат, не дазваляла ім размаўляць, біла».
Ёсць праблемы і з поштай. Лісты да Аляксандры не даходзяць, на гэта яна скардзілася адвакату. Таксама не прыходзяць і лісты ад яе. Маргарыта кажа, што аніводнага паведамлення ад сяброўкі за гэтыя паўгода не атрымала.
Маргарыта адзначае, што псіхічны стан Аляксандры не найлепшы. Пасля другога затрымання дзяўчыне стала блага, і яе забралі ў шпіталь, а адтуль — на экспертызу ў РНПЦ псіхічнага здароўя ў Навінках.
«Яна была ў аддзяленні № 30 [пад апекай Міністэрства ўнутраных спраў і кіравання медычнай экспертызы і пракуратуры. – Заўв. belsat.eu]. Якія вынікі экспертызы, пакуль не вядома. Я спадзяюся, што ёй змякчаць рэжым. Ёй пагражае ад 3 да 8 гадоў. Я ведаю Сашу добра, і ведаю, што яна не вытрымае. Аніводны нармальны чалавек такога не вытрымае. Наколькі мне вядома, яшчэ ні адну жанчыну паводле гэтага артыкула не судзілі. Артыкул няправільны, ёй проста яго ўляпілі. У той час бралі ўсіх, і ў іх была адна задача — пасадзіць».
21-гадовая Аляксандра Патрасаева
нарадзілася ў Вілейскім раёне, у 6 гадоў яна стала круглай сіратой, выхоўвалася
ў Чурленскім вучэбна-педагагічным комплексе і жыла ў прыёмных сем’ях. Дзяўчына
працавала ў Мінску рэкламным агентам. Праваабаронцы прызналі Аляксандру
палітзняволенай.
Дасюль самае суровае пакаранне для жанчын, якіх вінавацілі па палітычных справах, — 2,5 гады калоніі — вынеслі грамадзянцы Швейцарыі Наталлі Хершэ за тое, што яна сцягнула балаклаву з амапаўца.
Паводле праваабаронцаў, у Беларусі як мінімум 141 палітычна матываваная крымінальная справа, заведзеная супраць жанчын. Прынамсі 49 жанчын застаюцца за кратамі ці пад хатнім арыштам. Дзесяцярых з іх асудзілі на рэальныя тэрміны пазбаўлення волі, астатнія чакаюць судоў.