Сясцёр Міронцавых пакаралі пазбаўленнем волі на два і два з паловай гады

У пацярпелых міліцыянтаў адсутнічалі цялесныя пашкоджанні, яны не звярталіся па медыцынскую дапамогу, а таксама некаторыя з іх прасілі не караць падсудных дзяўчат строга. Аднак дзяўчат асудзілі на два і два з паловай гады пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму.

sestry_mironcevy_20210322.jpg

У судзе Савецкага раёна Мінска 31 сакавіка працягнуўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да Вікторыі і Анастасіі Міронцавых, якіх абвінавачвалі ў актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК), і гвалце або пагрозе прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў МУС (арт. 364 КК). Вікторыя Міронцава таксама абвінавачвалася па ч. 1 арт. 363 КК — «Супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак».

Справу разглядала суддзя Аляксандр Волк.

31 сакавіка ў суд быў пададзены пазоў ад прадпрыемства «Мінсктранс» на суму нанесенай шкоды ў 21 831 рубель. Ні Вікторыя, ні Анастасія з прад'яўленым пазовам не згодныя, бо 10 жніўня не выходзілі на праезную частку і не перакрывалі рух грамадскага і іншага транспарту.

Пасля гэтага ў судзе адбыліся спрэчкі бакоў

Дзяржабвінаваўца ўказаў, што віна абвінавачаных даказаная ў судовым следстве і сабранымі па справе доказамі. У выніку супрацьпраўных дзеянняў сясцёр — хапанняў, цягання з боку ў бок, захопаў — супрацоўнікам АМАПа быў «прычынены фізічны боль, пра што пацярпелыя растлумачылі падчас іх допытаў у судзе».

Пракурор прасіў прызнаць абедзвюх Міронцавых вінаватымі і прызначыць пакаранне для Анастасіі — два гады пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, а для Вікторыі — два гады і шэсць месяцаў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

У дзеяннях Анастасіі адсутнічае склад злачынства па 342 артыкуле, па 364 артыкуле дастаткова тых пяць месяцаў, што яна знаходзіцца ў СІЗА

Абаронца Анастасіі Міронцавай ў сваім выступе адзначыла, што бокам абвінавачвання не было прадстаўлена аніводнага доказу, якія б пацвярджалі віну яе падабароннай у здзяйсненні злачынства па ч. 1 арт. 342 КК. Так, няма доказаў таго, што хто-небудзь звяртаўся з якімі-небудзь патрабаваннямі да Анастасіі, таксама не даказана, што дзяўчына знаходзілася на праезнай частцы праспекта Пераможцаў і яе дзеянні пацягнулі за сабой парушэнне працы транспарту. Наадварот, ні адзін з дапытаных у судовым пасяджэнні пацярпелых і сведак не пацвердзіў, што падыходзіў з якімі-небудзь патрабаваннямі да Анастасіі Міронцавай або бачыў яе на праезнай частцы. Прадстаўленыя ў судзе відэазапісы таксама не пацвярджаюць вінаватасць дзяўчыны ў здзяйсненні злачынных дзеянняў.

Адвакатка падкрэсліла, што ў абвінавачанні пазначаны ўсе маршруты грамадскага транспарту, праца якіх была парушаная 10 жніўня ў Мінску, і іх ўказанне ў абвінавачанні не абгрунтавана.

Акрамя таго, у матэрыялах справы ёсць акт аб спыненні грамадскага транспарту, дзе ўказаны час парушэння яго працы — з 20 гадзін 10 хвілін 10 жніўня. Таксама ў матэрыялах справы ёсць пратакол затрымання, пратакол і пастанова па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні, дзе паказана, што Анастасія Міронцава была затрыманая ў 19.30 гадзін, а значыць, не магла парушыць працу транспарту. Таксама ў пратаколе аб адміністрацыйным правапарушэнні і пастанове суду ўказана, што ў дзеяннях падсуднай быў ўгледжаны склад правапарушэння і адсутнічаў склад злачынства.

На думку абароны, у дзеяннях Анастасіі цалкам адсутнічае склад злачынства па ч.1 арт. 342 КК. Адвакатка прасіла апраўдаць дзяўчыну па гэтым артыкуле і адмовіць у задавальненні пазову ад «Мінсктранса».

Што тычыцца абвінавачання паводле арт. 364 КК — «Гвалт або пагроза ўжывання гвалту» ў дачыненні да 5 супрацоўнікаў АМАПа: нягледзячы на прызнанне віны Анастасіяй, абарона звярнула ўвагу на аб'ём выстаўленых абвінавачанняў, прасіла выключыць указанне на чатырох з пяці пацярпелых, бо ў судзе растлумачылі, што ў дачыненні да іх дзяўчына не ўжывала гвалту.

Што тычыцца пацярпелага Васільева, то ў абвінавачанні паказана, што падсудная ажыццявіла не менш за два захопы яго рукі, а таксама што ён упаў з-за дзеянняў дзяўчыны. Аднак у судзе Васільеў паказаў, што Анастасія хапала яго за руку толькі адзін раз, а па якой менавіта прычыне ён упаў — растлумачыць не можа.

Таксама прасіла суд выключыць з абвінавачання ўказанне на тое, што гвалт быў учынены Анастасіяй Міронцавай з помсты, бо ў судзе гэта не было даказана.

Пры вынясенні рашэння па арт. 364 у дачыненні да Анастасіі Міронцавай абаронца прасіла суд улічыць, што ў пацярпелых адсутнічалі цялесныя пашкоджанні, яны не звярталіся па медыцынскую дапамогу, а таксама меркаванне саміх пацярпелых — некаторыя з іх прасілі не караць падсудных строга. Лічыць, што ў мэтах выпраўлення будзе дастатковым пакарання ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу і суд абмяжуецца ўжо адбытым пакараннем з разліку адзін дзень у СІЗА за два дні «хатняй хіміі».

Прысуд быў агучаны 1 красавіка.

Суддзя Аляксандр Воўк палічыў віну Анастасіі і Вікторыі Міронцавых даказанай і асудзіў дзяўчат адпаведна на два і два з паловай гады пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму.