Мікалай Аўтуховіч: Калі іду па вуліцы, заўсёды азіраюся…

Былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч, якія зараз з’яўляецца старшынёй аргкамітэта па стварэнні грамадскага аб’яднання «Камітэт падтрымкі прадпрымальніцтва «Салідарнасць», распавёў сайту palitviazni.info пра сітуацыю ў краіне і зрабіў прагноз на наступны год.

autuhowic22.jpg


“Калі пасля так званай “лібералізацыі” пойдзе “адкат” назад (а гэта ўжо не раз адбывалася), то рэпрэсіі могуць узмацніцца. І самых актыўных ізноў могуць ізаляваць”, — мяркуе Мікалай Аўтуховіч.

 

— Зараз, калі глядзець на сітуацыю ў краіне, можна бачыць, што беларускія ўлады вядуць своеасаблівую гульню, — кажа Мікалай Аўтуховіч. — У нейкіх закулісных перамовах з еўрапейскімі палітыкамі аб нечым дамаўляюцца з Захадам, і гэта дае пэўны плён. Еўропа пачала весці дыялог з афіцыйным Мінскам, а вось беларуская дэмакратычная грамадскасць для еўрапалітыкаў, як бачым, паступова адыходзіць на другі план. З іншага боку бачым актыўныя стасункі і з Расіяй. Бачым, што ў Беларусі праходзяць сумесныя ваенныя вучэнні. І ў той жа час зусім добрымі беларуска-расійскія адносіны ніяк не назавеш. Існуюць пастаянныя прэтэнзіі, нейкія эканамічныя спрэчкі, гандлёвыя войны. Мяркую, што кіраўнікі краін нават маюць адзін на аднаго кампраматы, але не выносяць смецце з хаты. Таму ўсё гэта — палітычныя гульні, але сапраўдным індыкатарам сітуацыі заўсёды з’яўляецца народ.

 

— Народ, між іншым, маўчыць, хаця ўзровень жыцця зніжаецца

 

— Калі я знаходзіўся ў турме, у краіне ў 2011 годзе здарылася дэвальвацыя, якая абясцэніла зберажэнні беларусаў амаль у тры разы. Грошы згарэлі, многія засталіся ні з чым. Здавалася б, абурэнню народа не было межаў. Так супала, што затым быў тэракт у метро, людзі на час забыліся пра свае рэальныя праблемы і сталі абмяркоўваць трагедыю…

Не хачу праводзіць паралелі, але ўладам было б добра, каб і зараз увага людзей пераключылася на нешта іншае. Цяпер, напрыклад, мы бачым шмат арыштаў бізнесменаў і службовых асобаў вядучых прадпрыемстваў Беларусі. І працоўныя замест таго, каб абмяркоўваць свае нізкія заробкі, вядуць гутаркі пра вышэйназваныя затрыманні. Увогуле, зараз добры момант, каб “завінціць гайкі”. У арыштах кіраўнікоў прадпрыемстваў, безумоўна, прысутнічае і фактар грошай, але ёсць тут і элемент запалохвання.

— У апошні час вы бароніце правы прадпрымальнікаў, спрабуеце зарэгістраваць прафсаюз. Ціск уладаў на іпэшнікаў таксама адчуваецца?

— Яшчэ як! Прадпрымальнікі — гэта тая самая курыца, якая нясе залатыя яйкі. План па падатках яшчэ ніхто не адмяняў, а таму скубуць малы бізнес, як толькі могуць. У бюджэт патрэбны грошы любымі метадамі. Вось, напрыклад, быў апошні выпадак, калі на рынак да прадпрымальніка прыйшоў чалавек у цывільным без аніякага прадпісання на праверку і патрабуе  дакументы. Сам дакументы не паказвае. Выклікалі міліцыю. Дык тыя ж падаткавікі і самі кажуць: “Ужо не ведаем, якім чынам нам гэтыя грошы збіраць”. Але ж план ёсць, і ён разлічаны на тое, каб паскубці ў чарговы раз народ праз штрафы і падаткі. Няма парушэнняў, дык прыдумаюць.

А ўсё новыя падаткі ўводзяць, таму што тая эканамічная палітыка ўладаў, якая праводзілася апошнім часам, аказалася банкрутам. Пакуль былі расійскія грошы, яшчэ неяк выжывалі. Пайшло ўсходнюю суседку трэсці, і беларуская эканоміка развалілася на кавалкі. А людзі жывуць сваім жыццём, кожны выжывае, як толькі можа. Хаця, мне падаецца, што народ паціху абуджаецца. Нават бабулькі ў вёсках (асноўны электарат Лукашэнкі), і тыя лямантуюць, што так жыць далей нельга.

— Якім, на ваш погляд, будзе наступны год?

— Мяркую, ён будзе няпростым і ў пэўным сэнсе вырашальным для краіны. Праўда, абсалютна немагчыма прадказаць, якім чынам будуць весці сябе ўлады. У першую чаргу ўсё-такі гэта, напэўна, будзе залежыць ад знешніх фактараў.

— Зараз узровень рэпрэсій у краіне зменшыўся, прынамсі людзей за краты ўжо амаль не кідаюць. Ваша стаўленне да гэтага?

— Паўтаруся, нейкая дамоўленасць уладаў з Захадам існуе. Актывістаў не адпраўляюць за акцыі на “суткі”, абмяжоўваюцца штрафамі, а той жа час Еўропа ідзе таксама на пэўныя саступкі афіцыйнаму Мінску — напрыклад, змяншае фінансаванне тэлеканала “Белсат”. Такім чынам еўрапейцы хочуць аддаліць Беларусь ад Расіі, але галоўнае пытанне: якія плён дасць такая палітыка? Беларускія ўлады ўжо на працягу доўгіх гадоў паказваюць, што яны не будуць перавыхоўвацца. І могуць казаць адно, а рабіць іншае. Таму і пытанне: ці апраўдае афіцыйны Мінск давер Захаду? Каб не аказалася, што будзе ізноў расчаравана і беларускае грамадства, і Еўропа.

— У краіне застаюцца палітвязні…

— І іх спіс можа павялічыцца. Калі пасля лібералізацыі пойдзе “адкат” назад (а гэта ўжо не раз адбывалася), то рэпрэсіі могуць узмацніцца. І самых актыўных зноў могуць ізаляваць. Крымінальная справа супраць блогера Эдуарда Пальчыса ўзнікла, можна лічыць, на роўным месцы. Добра яшчэ, што быў вялікі рэзананс, шматлікія акцыі ў падтрымку хлопца, а таму ён зараз і на волі. А мог бы зараз знаходзіцца і за кратамі.

Дарэчы, я добра памятаю, што мне сказалі, калі я выходзіў з турмы: “Не з’едзеш з краіны, зноў тут апынешся”. І ёсць, дарэчы, небеспадстаўныя падазрэнні, што супраць мяне могуць ужыць правакацыі. Таму я, як кажуць, заўсёды трымаю нос па ветры, каб своечасова прымаць контрмеры. Нават, калі іду па вуліцы, заўсёды азіраюся. Асцярога не перашкодзіць. Вельмі ж не хочацца зноў адправіцца за краты. Лепш на волі прыносіць карысць грамадству.

 

palitviazni.info