Мігранты зноў прарваліся праз агароджу ў пункт пропуску «Брузгі»

Група мігрантаў 12 лістапада прарвалася праз агароджу ў пункт пропуску «Брузгі». Момант прарыву трапіў на відэа, якое апублікавала польскае Міністэрства абароны, паведамляе «Радыё Свабода».

Кадр з відэа

Кадр з відэа


На відэа бачна, што мігранты прарываюцца праз заходні плот беларускага пункта пропуску і бягуць праз дарогу ўздоўж лініі беларуска-польскай мяжы, на якой за часовай заслонай з калючага дроту стаіць шэраг польскіх вайскоўцаў. Паводле інфармацыі польскага Міністэрства абароны, мігранты пайшлі далей уздоўж мяжы з беларускага боку, не перайшоўшы яе.
Гэта не першы выпадак прарыву мігрантамі агароджы пункта пропуску «Брузгі». Папярэдні інцыдэнт паводле падобнага сцэнара здарыўся 8 лістапада. Мяркуючы па апублікаваных відэа, тады мігрантаў выштурхнула з тэрыторыі «Брузгоў» падмацаванне беларускіх памежнікаў.
Беларускі памежны камітэт пра здарэнне не паведамляў. Наадварот, 8 лістапада ён адзначыў, што беларускі бок не бачыць абʼектыўных прычын для рашэння Польшчы закрыць сумежны з «Брузгамі» пераход «Кузніца».