Марыупаль: баязлівы і безыдэйны сепаратызм
Прарасійскія актывісты ў Марыупалі не ведаюць імёнаў сваіх загінулых аднадумцаў і не спяшаюцца іх гераізаваць. Бо ніхто, падобна, не спяшаецца паўтарыць іхны лёс.
Зусім не сакрэт, што я сімпатызаваў Майдану і сімпатызую зараз тым, хто выступае за адзіную Украіну. Пры гэтым я добра засвоіў, што журналісту пажадана заставацца бесстароннім і стараюся
датрымлівацца гэтага правіла. Але яно, натуральна, не азначае, быццам пра ўсіх трэба пісаць аднолькава добра.
Не тое каб такіх людзей там зусім не было. Падчас першага прыезду ў Данецк, ужо больш за месяц таму, я іх сустракаў. Але
яны якраз выходзілі не за федэралізацыю, пагатоў не за далучэнне да Расіі, а за тое ж, за што выходзіў Майдан — за справядлівасць і грамадзянскія правы. Супраць бяспраўя і
разрабавання краіны.
Неаднойчы я чуў, што Майдан насамрэч пачаўся ў паўднёва-усходнім рэгіёне — на Мікалаеўшчыне, у райцэнтры Урадзіеўка. Потым, дзякуючы масіраванай прапагандзе, удалося пераканаць вялікую
колькасць жыхароў украінскага паўднёвага ўсходу, што ў Кіеве стаяць за чужыя і нават варожыя ім мэты, таму выступленні ў яго падтрымку былі тут досыць кволымі. Аднак падзенне Януковіча і кампаніі
ўзарвала сітуацыю — хваля майданнага настрою накрыла і гэты рэгіён.
На вялікі жаль, не знайшлося сілы, якая магла б выкарыстаць гэтую пратэстную хвалю на карысць агульнай з Майданам мэты — дзеля пабудовы новай краіны. Знайшлася іншая, якая завязала
пратэстоўцам георгіеўскія стужкі, сунула ў рукі трыкалоры і патлумачыла, што іх адзінае выратаванне ў Расіі. З гэтага моманту пратэст на паўднёвым усходзе перастаў быць адэкватным.
Разумным гэты пратэст ніяк не назавеш. Яшчэ меней яго можна назваць годным і смелым.
Для тых, хто не чытаў майго артыкулу аб падзеях у Харкаве на мінулых выходных, сцісла перакажу, у чым там была
справа. Усе страшна баяліся суботняга шэсця футбольных фанатаў (т.зв. «ультрас») супраць Пуціна. Баяліся абывацелі, баяліся каардынатары Майдану, баяліся прарасійскія актывісты,
баялася міліцыя і міліцэйскі міністр Авакаў. На плошчы Свабоды, пад помнікам Леніна, дзе стаіць прарасійскі мітынг, панавала сапраўдная паніка.
І што адбылося? Ды нічога, шэсце прайшло без інцыдэнтаў.
А вось назаўтра, у нядзелю, здарылася жудаснае пабоішча — азвярэлы натоўп пад расійскімі трыкалорамі накінуўся на сход рамантычнай інтэлігенцыі каля помніка Шаўчэнкі. Дзе было
вельмі многа жанчынаў, дзяцей, старых.
Калі антымайданаўцы хацелі памерацца сіламі з «баявікамі», у іх быў такой шанец. Як распавёў мне адзін з фанатаў, яны ў суботу меркавалі ўсё зрабіць па сваёй фанацкай
завядзёнцы — дамовіцца, каб «каларадасы» не нападалі на мірныя мітынгі, што яны неаднаразова рабілі, прызначыць ім сустрэчу ў аддаленным месцы, без тэлекамераў, і
«зарубіцца». Тыя на сустрэчу ў такім фармаце не пагадзіліся. Замест чаго вырашылі адыграцца на слабейшых...
Я не магу назваць гэтыя паводзіны іначай, чым баязлівай подласцю.
Прысутныя на мітынгу былі заклапочаныя тым, што іх мала паказваюць па тэлевізару, а калі паказваюць, дык «усё перакручваюць». Уедліва распытвалі журналістаў, хто яны і адкуль.
«Бандэраўцам інтэрв'ю не дадаваць, толькі расіянам!», — камандавала нейкая бабулька. Да здымачнай групы CNN падскочыў дзядок і спрабаваў уцягнуць іх у канфлікт:
«Гэта вы ўчора ў шпіталь прыходзілі, каб пасмяяцца з нашых параненых, га? Я вас запомніў, гэта вы, вы з раненых нашых пасмяяца прыходзілі!» Іншы, пачуўшы англійскую мову, гучна
прамовіў: «Гэта немцы! Як не немцы, чуеш, яму перакладаюць з рускай, ён сам не разумее!.. Няма сэнсу ім расказваць, немцам гэтым, што ўлады пазбавілі нас 8 сакавіка. Яны самі не святкуюць
яго і не ведаюць, хто такая Клара Цэткін!». Больш пашанцавала «карэйскаму ці кітайскаму», а насамрэч японскаму журналісту — яго ўпрошчвалі перадаць у сябе дома
«наверх», каб там прызналі Данецкую рэспубліку.
Мы тут былі разам з вядомым беларускім фатагрофам Сяргеем Грыцам і нас таксама ўедліва распыталі. Мужчына, які нас распытваў, быў шакаваны, калі даведаўся, што мы не рускія: «А хто ж
тады?!» Адказ выклікаў у яго дваістыя пачуцці. З аднаго боку, «беларусы — гэта нават лепей», а з іншага, неяк падазрона, што мы адмовіліся назвацца рускімі тады.
Урэшце дзелавітая жанчына, падобная да якой-небудзь гарвыканкамаўскай супрацоўніцы, дала наводку — адрас невялікай піўной, уладальнікам якой нібыта быў загінулы, хаця
называецца яна «Піва ў Лены». Магчыма, у гонар дачкі або жонкі. У піўной сказалі, што пахаванне ўжо скончылася, сваякі і знаёмыя збіраюцца на памінкі.
Памінкі спраўлялі на ўскраіне горада ў кавярні пад назвай «Інтрыга» з выявай агіднага грыфа на шыльдзе. Расказаць пра тое, якім чалавекам быў нябожчык, ніхто з тых, хто стаяў
на ганку кавярні, не захацеў. Пра іншых загінулых тут таксама нічога не ведалі.
Вярнуўшыся да захопленага будынку гарадской рады, я пачуў выступы са скаргамі на «ганебную баязлівасць марыупальцаў» і на «недапушчальнае прытармажванне справы
Данецкай рэспублікі». Загінулых узгадалі ў абязлічанай форме — маўляў, марыўпальцы, якія «сядзяць на канапах каля тэлевізару», не вартыя такіх ахвяраў. Ні імёнаў,
ні «славы героям» не прагучала.
І гераізаваць загінулых яны не спяшаюцца, бо ніхто не хоча паўтарыць іхны лёс. Таму што зусім не жыццёва важнае для іх далучэнне да Расіі (гаворка ідзе менавіта пра далучэнне,
«федэралізацыя гэта проста першы крок», як патлумачыў адзін з актывістаў), яны і самі, мабыць, добра разумеюць тое ў глыбіні душы.