Mark Formelle збірае подпісы «за права жанчынаў выглядаць прыгожа»

Кампанія ініцыявала інтэрнэт-петыцыю, якая заклікае не змагацца з рэкламай паўаголеных жанчынаў, але даверыцца асабістаму выбару кожнай асобы — што насіць, дзе і як.

4_64.jpg


Петыцыя фактычна з'яўляецца працягам гісторыі са скандальным флёрам: кампанію звінавацілі за рэкламу з фотаздымкам дзяўчыны ў бялізне, якая, нібыта, правакуе распусту ды стварае вобраз жанчыны «выключна як сэксуальнага аб'екта». Незадаволенасць вылілася ў петыцыі і звароты ў дзяржорганы, каб скарэктаваць закон «Аб рэкламе».

2_79.jpg


Зараз жа абаронцы прыгажосці на рэкламных білбордах стварылі сваю петыцыю — у адказ.

На працягу тысячагоддзяў прыгажосць натхняла мастакоў і скульптараў на стварэнне твораў мастацтва, а мужчынаў агулам — на подзвігі. І ніхто ў здаровым розуме (за выключэннем сярэднявечнай інквізіцыі) не думаў аб тым, каб пазбавіць жанчынаў права быць прыгожымі і прывабнымі, — кажацца ў петыцыі.


Аўтары таксама згадваюць Гойю, Рэмбрандта, «Венеру Мілоскую» як прыклады твораў, звязаных з аголенай натурай, да якіх сёння ніхто не мае прэтэнзіяў. Mark Formelle таксама нагадвае, што 90% супрацоўнікаў кампаніі акурат жанчыны, за правы якіх, нібыта, змагаюцца ненавіснікі «аголенай рэкламы».

3_60.jpg


«У 21 стагоддзі нашы мужчыны і жанчыны самі маюць права выбіраць, што глядзець ды як насіць» — чытаем ужо напрыканцы петыцыі. На дадзены момант зварот сабраў паўтары сотні подпісаў.