Малады Фронт заклікае прыняць грамадскую прысягу 12 верасня
Малады Фронт заклікае патрыётаў Беларусі 12 верасня а 18 гадзіне выйсці на плошчу Кастуся Каліноўскага (Кастрычніцкую) ў Мінску і падтрымаць прапанову Уладзіміра Някляева і Мікалая Статкевіча па прыняццю грамадскай прысягі на вернасць Беларусі.
«Апошнія падзеі ў Беларусі засведчылі, што ў нашай краіне дагэтуль кіруе прамаскоўская пятая калона. Так 6 верасьня на «акопны перфоманс» Маладога Фронту пад Веткай было кінута ўсё кіраўніцтва раёна. 8 верасня, у Дзень беларускай вайсковай славы, сілавыя падраздзяленні Мінску былі кінуты на зачыстку акцыі ля расійскай амбасады.
У тым, што халуйства перад Масквой — гэта найгалаўнейшая адметнасць сёньняшняга кіраўніцтва Беларусі, засведчыў і сам Лукашэнка, вуснамі свайго прэс-сакратара ўхваліўшы ўзьняццё расейскага сцяга беларускімі спартоўцамі на адкрыцьці Паралімпійскіх гульняў.
Гэтыя дзеянні яскрава сьведчаць аб тым, што незалежнасць Беларусі знаходзіцца пад пагрозаю з боку Расіі і прарасійскай пятай калёны, якая трэці дзясятак год кіруе Беларуссю.
Таму прыняццём грамадскай прысягі мы засьведчым перад любым агрэсарам ці манкуртам гатоўнасць беларусаў бараніць сваю краіну. Заклікаем далучацца да Маладога Фронту і «Ваяра» — будзьма стаяць разам на варце незалежнасці Беларусі!» — заклікаюць арганізатары акцыі.
Паводле mfront.net