Лясхоз ацаніў 2 акопы Зміцера Дашкевіча ў 100 долараў
Зміцер Дашкевіч атрымаў ліст ад Веткаўскага лясхоза, у якім актывісту «прапанавалі» аплаціць штраф у памеры 220 рублёў і 50 капеек (каля 110 долараў).
Веткаўскі лясхоз прапануе Зміцеру Дашкевічу аплаціць штраф у памеры 220 рублёў і 50 капеек (каля 110 долараў).
Роўна ў такую суму ацанілі веткаўскія ляснічыя два акопы, вырытыя маладафронтаўцамі 6 верасня — у 19-ю гадавіну заснавання “Маладога Фронту”.
“Гэтым штрафам беларускі рэжым дэманструе, хто насамрэч кіруе нашай краінай — прарасійская пятая калона, — каментуе штраф Зміцер Дашкевіч сайту mfront.net. — Бо нешта мы ні разу не чулі, каб такія штрафы былі выпісаны хоць на адным вайсковым зборы з сотняў, якія праводзяць прарасійскія актывісты пад патранажам казацтва і маскоўскага праваслаўя. Тым не менш, мы будзем працягваць сваю дзейнасць і надалей праводзіць падрыхтоўку моладзі ў межах вайскова-патрыятычнага клюбу “Ваяр”, да якога заклікаем далучацца ўсіх патрыётаў Беларусі”.
"Нашыя два акопы пад Веткай ужо аплочаны і застаюцца за Маладым Фронтам. Калі якія партызанскія групоўкі гатовы выкупіць сабе па пару месцаў для стральбы, 1283 км беларуска-расейскай мяжы чакаюць сваіх партызанаў!" — адзначае Зміцер Дашкевіч у сваім фэйсбуку.