Мая Сташэўская: я мару паставіць бацьку крыж у Курапатах
Вечарам 29 снежня ў Курапатах адбылося традыцыйнае штомесячнае ўшанаванне памяці ахвяраў сталінізму, у якім, нягледзячы на цемру і мароз, удзельнічалі каля 15 грамадскіх актывістаў.
Удзельнікі ўшанавання ў Курапатах
Сярод іх — 87-гадовая жыхарка Мінску Мая Аляксандраўна Сташэўская. Яе бацька — дзяржаўны дзеяч БССР Аляксандр Сташэўскі (Сташэўскі-Стасевіч; 24 сакавіка 1889, вёска Дулічы, Капыльскі раён, Мінская вобласць — 11 снежня 1938) таксама быў рэпрасаваны.
Пасля заканчэння Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі (1911) ён у 1911–1914 выкладаў у Рэчыцкім пачатковым прыходскім вучылішчы. У Першую сусветную вайну — падпаручнік на Паўднёва-Заходнім фронце. Пасля дэмабілізацыі з пачатку 1918 года ў Яраслаўлі (Расія), удзельнік беларускага нацыянальнага руху, член арганізацыі “Маладая Беларусь”. З кастрычніка 1918 —у Мінску, член Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. У 191-м — сакратар прэзідыума педагагічнай рады Мінскага беларускага педагагічнага інстытута, пасля заканчэння якога ў 1920 настаўнічаў у Мінскай беларускай школе першай ступені №9. Адзін з ініцыятараў стварэння ў студзені 1920 года Беларускай камуністычнай арганізацыі (БКА), член яе ЦК, уваходзіў у першую Мінскую канспіратыўную “пяцёрку” БКА па арганізацыі антыпольскага падполля і партызанскага руху. Пасля прыходу бальшавікоў у Мінск у ліпені 1920 года быў мабілізаваны ў Чырвоную Армію, камандаваў узводам, ротай. З лістапада 1921-га — сакратар ЦВК і СНК БССР, з ліпеня 1924 — старшыня Полацкага акруговага выканкама, садзейнічаў правядзенню беларусізацыі на далучаных да БССР усходніх беларускіх тэрыторыях. З лютага 1926 — наркам унутраных спраў БССР, з верасня 1928 — наркам юстыцыі і пракурор БССР. Член ЦВК БССР (1921–1931) і яго Прэзідыума (1921–1924, 1927–1931). Член Рэвізійнай камісіі КП(б)Б у 1924–1925, ЦКК КП(6)Б у 1929–1931. У канцы 1930 неабгрунтавана абвінавачаны як удзельнік “антыпартыйнай” групы Ігнатоўскага — Жылуновіча, зняты з пасады і прызначаны старшынёй Бабруйскага райвыканкама. Выведзены са складу ЦКК КП(б)Б 18.2.1931. З восені 1931 — загадчык рабфака Белдзяржуніверсітэта, потым дырэктар Гомельскага сельскагаспадарчага педагагічнага інстытута. Арыштаваны 27.4.1937. Абвінавачваўся ў “антысавецкай дзейнасці”. “Тройкай” НКУС 29.10.1937 асуджаны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957.
Прамаўляе Мая Сташэўская
Мая Сташэўская добра памятае тую трагічную вясновую ноч 1937-га, калі бацьку арыштавалі ў Гомелі ў доме №26 па вуліцы Сялянскай, дзе ў той час жыла сям’я. “Мне тады было дзесяць год. Я прачнулася ад таго, што да нас ноччу прышлі незнаёмыя мужчыны. Я ўтаропілася на аднаго з іх, але бацька мяне супакоіў і сказаў: “Спі, спі, усё будзе добра”. Я паверыла бацьку, заснула і не бачыла, як бацьку забралі. А калі раніцай прачнулася, таты ўжо дома не было. Потым, як казалі маці і мая старэйшая сястра, я год без перапынку немым голасам раўла па бацьку. Увогуле, я не год, а ўсё жыццё яго аплакваю, бо мы вельмі сябравалі з татам і ён застаўся ў маёй памяці надзвычай добрым чалавекам. Праз некалькі дзён арыштавалі і маці, якую зняволілі на дзесяць год”, — распавяла Мая Сташэўская. Сама яна пасля заканчэння ў сталіцы электратэхнікуму сувязі да выхаду на пенсію працавала па прафесіі. Трэба зазначыць, што спадарыня Мая займае актыўную жыццёвую пазіцыю і штодзень удзельнічае ў малебнах за вызваленне беларускіх палітвязняў.