Лукашэнка гатовы ўнесці праўкі ў дэкрэт пра дармаедаў
Аляксандар Лукашэнка паабяцаў, што дэкрэт ад 2 красавіка 2015 году № 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» (так званы «дэкрэт аб дармаедах») захаваюць, але ліквідуюць выяўленыя недахопы.
Падчас нарады Аляксандр Лукашэнка нагадаў пра даручэнне старанна кантраляваць прымяненне дэкрэту на практыцы і працэсы ў гэтай сферы.
«Былі прапановы ледзь не адмовіцца ад гэтага дэкрэту: шмат крытыкі, цяжка адміністраваць і многія іншыя пытанні», — сказаў ён.
«Тады я сказаў, што, якія б ні былі размовы, для таго, каб прымаць дадатковае рашэньне, трэба пажыць, папрацаваць. Прайшло больш за год. Мы цяпер ужо больш-менш бачым, што даў гэты дэкрэт, якія станоўчыя бакі гэтага дакумэнту. Недахопы ёсць? Ну што ж, давайце папраўляць», — заявіў ён.
Лукашэнка прапанаваў разабрацца, якія праблемы паўсталі ў ходзе рэалізацыі дэкрэту і наколькі ён эфэктыўны.
«Мне дакладваюць, што нярэдка паведамленні на выплату збору паступаюць ад падатковых інспэкцыяў грамадзянам, якія не абавязаныя плаціць гэты збор і не павінны былі ўключацца дзяржаўнымі органамі ў спісы плацельшчыкаў: студэнтам, жанчынам, якія знаходзяцца ў дэкрэтных водпусках, нават салдатам тэрміновай службы», — заўважыў ён.
«У гэтай сітуацыі заўсёды будуць нейкія недахопы. Галоўнае, каб мы бачылі іх і своечасова ліквідавалі», — падкрэсліў Лукашэнка.
svaboda.org